Жытло віцебскага лідэра Беларускага нацыянальнага кангрэсу (БНК) Уладзімера Кійко нечакана наведалі міліцыянты. Уварваньне супрацоўнікаў аховы правапарадку актывіст лічыць спробай застрашыць яго напярэдадні анансаванага БНК Маршу абураных беларусаў, які мусіць адбыцца ў Менску 17 лютага.
Распавядае Ўладзімер Кійко: «Дадому да мяне прыйшлі трое: двое ў міліцэйскай форме, і адзін – у цывільным, які прадставіўся ўчастковым, хоць я яго ня знаю. Сказалі, што нібыта нейкі чалавек патэлефанаваў у міліцыю і сказаў, што нехта тут шуміць і б'е шкло. Я спытаў, хто іх выклікаў, а яны адказалі, што ня ведаюць, бо тэлефанаваньне было ананімным. Потым гутарылі і склалі нешта кшталту пратаколу (я нідзе не распісваўся, і яны мне яго не паказвалі). Перапісалі ўсе мае тэлефоны. Пыталіся дзе працую, колькі плацяць».
Спадар Уладзімер – актыўны ўдзельнік БНК і даўні паплечнік апазыцыйнага экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча, аднаго з ініцыятараў правядзеньня маршу грамадзян, абураных дэкрэтам № 3, згодна зь якім «дармаеды», якія ня маюць працы, абавязаныя плаціць адмысловы падатак. Паводле меркаваньня актывіста, прыход да яго міліцыі з надуманай прычыны акурат напярэдадні важнай палітычнай падзеі – маршу ў сталіцы – не выпадковы. Тое, што здарылася, ён назваў актам палітычнага ціску на яго.
«Увага з боку міліцыі да мяне мае відавочны палітычны падтэкст, – заявіў Уладзімер Кійко. – Падзяляючы ідэі Беларускага нацыянальнага кангрэсу, лічу неабходным заявіць уладам, што спробы адабраць грошы ў беларускіх грамадзян, якія не працуюць, зьяўляюцца незаконнымі і негуманнымі. Сярод звычайных беларусаў няма такой масавай зьявы, як дармаедзтва. Лічыць іначай – значыць праяўляць непавагу да народу. Успрымаю дзеяньні праваахоўных органаў незаконнымі і правакацыйнымі. Мэта гэткіх правакацыяў відавочная: дамагчыся ад мяне адмовы ад актыўнай палітычнай дзейнасьці».
Кастусь Дзьвінскі