У Мёрах 22 лютага былі затрыманыя двое карэспандэнтаў тэлеканалу «Белсат», якія прыехалі ў горад асьвятляць да гэтага часу ня вырашаную праблему адсутнасьці ацяпленьня, паведаміла прэс-служба аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД). Прозьвішчы журналістаў не называюцца.
Разам з журналістамі былі затрыманыя двое актывістаў аргкамітэту БХД, якія суправаджалі іх, — Сяргей Васільеў і Дзяніс Маскаленка. Пры затрыманьні прысутнічаў асабіста начальнік Мёрскага РАУС Сяргей Лонь, паведаміла каардынатар аргкамітэту БХД па Віцебскай вобласьці Тацьцяна Севярынец.
Аднаго з журналістаў вызвалілі каля 18:00, другога паабяцалі вызваліць неўзабаве. Актывісту БХД Зьмітру Лупачу, які ў пошуках затрыманых прыйшоў у РАУС, міліцыянты параілі сыходзіць, пакуль не затрымалі і яго.
БелаПАН