Рабочы сёмага цэху ААТ «Полацак-Шкловалакно » памёр на тэрыторыі прадпрыемства. Няшчасьце здарылася 10 лютага. Да пэнсіі работніку заставалася дапрацаваць адзін месяц. Паводле калектыўнай дамовы, у выпадку сьмерці работніка адміністрацыя выплачвае фінансавую дапамогу на пахаваньне ў памеры 20-ці базавых велічынь (цяпер гэта менш за 3 мільёны беларускіх рублёў, або каля 300$) і забясьпечвае транспарт.
Паводле расказаў работнікаў
Рабочы Ўладзімер быў працаўніком 4 зьмены, але 10 лютага працаваў у дзённай зьмене. У гэты дзень яму далі працоўнае заданьне, пры якім прыйшлося памахаць кувалдай. Пасьля цяжкай працы ён адчуў сябе кепска, увесь пакрыўся потам. Сказаў: пайду да начальніка зьмены.
У габінэт да начальніка зьмены былі выкліканыя дзяжурныя мэдычныя работнікі з заводзкай паліклінікі. Працоўнаму памералі ціск, зрабілі кардыяграму сэрца і прапанавалі пайсьці на бальнічны. Але ісьці на бальнічны працаўнік не захацеў, і начальнік адпусьціў яго дадому.
Уладзімер пайшоў у распранальню пераапранацца. У гэты час у распранальні практычна нікога няма. Там у распранальні яго, лежачы на падлозе, і ўбачыў работнік, які выпадкова праходзіў міма. Мэдыкі, якія прыбылі, канстатавалі сьмерць.
Умовы працы працоўных «Шкловалакна»
Па спэцыяльнасьці памерлы працоўны быў памочнікам майстра – гэта цяжкая фізычная праца ў шкодных умовах. На пасаду «паммайстра» імкнуцца пайсьці многія апэратары вытворчасьці шкловалакна, бо праца апэратара яшчэ цяжэйшая. Пры дастатковым стажы такія работнікі ідуць на пэнсію на дзесяць гадоў раней агульнага тэрміну, мужчыны – у 50 гадоў. Уладзімер не дажыў да льготнай пэнсіі ўсяго сорак дзён...
Скаргі працоўных на ўмовы працы
Рабочыя «Шкловалакна» праз свой прадстаўнічы орган – Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ) – пастаянна скардзяцца на ўмовы працы на заводзе. Паводле слоў прафсаюзных актывістаў, адміністрацыя на чале з дырэктарам Мікалаем Качаноўскім ніяк не рэагуе на заўвагі работнікаў. Адміністрацыя толькі перасьледуе за крытыку рабочых, якія знаходзяцца ў СПБ. А яшчэ адміністрацыя навучылася рапартаваць пра выкананьне мерапрыемстваў па паляпшэньні ўмоў працы. Як паведамляе газэта адміністрацыі, чарговая праграма па паляпшэньні ўмоў працы зацьверджаная на 2014 год. Гэта ўжо ня першы выпадак сьмерці працоўнага «Шкловалакна» падчас працы.
Аляксандар Марозаў, dyjalog.info