Вольгу Карач затрымалі празь некалькі гадзін пасьля адпраўкі адкрытага звароту прэзыдэнту з нагоды ціску на яе сям'ю і месячнага сына. Лідэр грамадзянскай кампаніі «Наш Дом» Вольга Карач пасьпела паведаміць па тэлефоне, што яна і ейны муж, Алег Баршчэўскі, галоўны рэдактар «Віцебскага Кур'ера», затрыманыя міліцыяй і іх вязуць у Кастрычніцкі РАУС Віцебску.
Афіцыйная прычына затрыманьня - нібыта фальшывае пасьведчаньне кіроўцы мужа. Аднак ёсьць падазрэньне, што затрыманьне зьвязанае з адкрытым зваротам Вольгі Карач да прэзыдэнта Беларусі напярэдадні пра перасьлед яе месячнага сына Сьвятаслава органамі апекі, сацыяльнай абароны , аддзелу адукацыі і школы. Тым ня менш, замест ДАІ, Вольга Карач і Алег Баршчэўскі былі дастаўленыя ў РАУС.
Пасьведчаньне кіроўцы ўсё часьцей становіцца падставай да затрыманьня кіроўцаў аўтатранспарту.
Праз паўтары гадзіны Вольга паведаміла, што Алега і яе адпусьцілі, але перад гэтым у РАУС запрасілі падатковага інспэктара зь іншага раёну. А з нагоды правоў кіроўцы ўжо нічога не згадвалі.
Віцебскі Кур'ер
Фота: Радыё Свабода