Генадзя Бердзенева судзілі завочна: 1 сьнежня ён ня змог трапіць з Полацку да 9:30 у суд Маскоўскага раёну Менску. Пра штраф памерам 25 базавых велічынь ён даведаўся праз тэлефон.
Генадзь Бердзенеў апавёў, што пратакол «за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі» 21 кастрычніка на яго таксама складалі завочна: ён ня быў затрыманы ў Менску, але ягоную асобу высьветлілі па фотаздымках.
Пратакол правапарушэньня складалі ў Полацкім РАУС, падкрэсьлівае прадпрымальнік:
«Супрацоўнікі міліцыі шукалі мяне на кірмашы, мяне на той час не было, і мне перадалі цераз калегаў просьбу патэлефанаваць у міліцыю. Праз тэлефон мяне выклікалі “на гутарку”, падчас якой склалі пратакол правапарушэньня. У якасьці доказаў паказалі здымкі з сайту “Радыё Свабода”. Я ня стаў аспрэчваць свайго ўдзелу ў акцыі, але й пратакол таксама падпісваць ня стаў».
Паводле спадара Генадзя, ён напісаў заяву ў менскі суд, каб ягоную справу таксама разьбіралі ў Полацку. Бо ён ня мае магчымасьці трапіць на судовы працэс у Менск. Аднак заява засталася без увагі, і сутнасьць судовага рашэньня стала яму вядомая толькі 5 сьнежня.
Генрых Сухадольскі, vitebskspring.org