У Віцебску праваахоўнікі спынілі дзейнасьць незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі «Сусьветны духоўны ўнівэрсытэт Брахма Кумарыс», На думку праваахоўнікаў, арганізацыя мае прыкметы сэкты. Каля дзесяці пасьлядоўнікаў духоўнага індыйскага вучэньня прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці.
«Брахма Кумарыс» была заснаваная ў 1937 годзе ў Індыі Дада Лекграджам, пасьпяховым вядомым ювэлірам, які кінуў бізнэс і прысьвяціў сябе духоўнай асьвеце людзей. Асновай веравучэньня Лекграджа зьяўляецца існаваньне «Ўсявышняга Айца Шыва Баба», вучэньне апавядае пра абавязковы распарадак дня, вэгетарыянства і строгі цэлібат.
У ідэале кожны пасьлядоўнік павінен праходзіць навучаньне і практыкавацца ў ёзе на працягу чатырох гадоў, а пасьля весьці місіянэрскую працу. На знак сваёй чысьціні настаўнікі і іх прыхільнікі носяць адзеньне белага колеру і адмысловыя значкі, якія паказваюць на прыналежнасьць да руху.
Цэнтры арганізацыі дзейнічаюць у розных краінах усяго сьвету. Сусьветны духоўны ўнівэрсытэт Брахма Кумарыс актыўна супрацоўнічае зь міжнароднымі органамі ААН: арганізацыя мае кансультацыйны статус у Эканамічнай і Сацыяльнай Радзе (ECOSOC) і ў UNICEF, зьяўляецца членам Дэпартамэнту ААН па грамадзкай інфармацыі, а таксама рэалізуе розныя праекты пры падтрымцы ААН і ЮНІСЭФ. У 1987 году кіраўніца адміністрацыі арганізацыі Брахма Кумар Пракашмані была ўганараваная ААН званьнем «пасланец сьвету».
У той самы час у Расеі мясцовыя экспэрты на запыт дзяржаўных органаў прыйшлі да высновы, што Сусьветны духоўны ўнівэрсытэт Брахма Кумарыс «зьяўляецца нетрадыцыйным рэлігійным рухам з дэструкцыйным, а па некаторых пытаньнях, і чалавеканенавісьніцкім веравучэньнем... Рэлігійнае веравучэньне і практыка дзейнасьці арганізацыі… зьмяшчаюць прыкметы таталітарнага культу».
У адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, каб ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць афіцыйна, кожная грамадзкая або рэлігійная арганізацыя павінна прайсьці абавязковую працэдуру рэгістрацыі ва ўпаўнаважаным дзяржаўным органе. Аднак «Брахма Кумарыс» у Віцебску не была зарэгістраваная.
Каля дзесяці чалавек штодня зьбіраліся ў кватэры па вуліцы Чкалава, аформленай, як і належыць, у белыя колеры, мэдытавалі, вывучалі рэлігійную літаратуру, праглядалі відэаматэрыялы. Большасьць з удзельнікаў – самотныя жанчыны, пэнсіянэркі.
– Усе чальцы віцебскай сэкты прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці, – паведаміў намесьнік начальніка аддзелу прафіляктыкі правапарушэньняў Першамайскага РАУС Артур Пятроўскі. – А паўторнае парушэньне закону можа пагражаць адэптам крымінальнай адказнасьцю паводле артыкулу 193¹ Крымінальнага кодэксэ Рэспублікі Беларусь «Незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб'яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фундацыі альбо ўдзел у іх дзейнасьці».
Паводле vitvesti.by і публікацыяў адкрытых крыніц
Фота: РАУС Першамайскага раёну Віцебску