Рабочага з Воршы забіла бэлькай на будаўнічым аб'екце ў Санкт-Пецярбургу, паведамляе Сьледчы камітэт РФ па Санкт-Пецярбургу, інфармуе БЕЛТА.
На будаўніцтве Заходняга хуткаснага дыямэтру на ўчастку Кананерскі востраў 6 кастрычніка загінуў 45-гадовы ўраджэнец Воршы, які працаваў мантажнікам ў ТАА "Главмостотрест". Дасьледчую праверку па гэтым факце праводзіць Сьледчы камітэт РФ па Санкт-Пецярбургу. Паводле афіцыйнай інфармацыі на сайце галоўнага сьледчага ўпраўленьня, мужчына быў заняты на пагрузачных работах на будпляцоўцы, калі на яго з вышыні 3 мэтраў упала мэталёвая бэлька. Ад удару ён загінуў на месцы.
Сьледчыя агледзелі месца здарэньня, у тым ліку з удзелам спэцыялістаў гарадзкой інспэкцыі працы, спэцыяліста ў галіне судовай мэдыцыны. Апроч таго, праведзены комплекс праверачных мерапрыемстваў для выяўленьня ўсіх акалічнасьцяў здарэньня. Па выніках дасьледчай праверкі будзе прынятае працэсуальнае рашэньне.
Ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці пракамэнтавалі, што гатовыя ўзяць удзел у праверцы, калі такая просьба будзе з боку расейскіх калегаў.