Жыхары, абураныя павальнай высечкай дрэў уздоўж дарогі ў пасёлку Віцьба, зьвярнуліся да журналістаў. Папрасілі не называць іх прозьвішчаў, бо гісторыя з высечкай ўжо атрымала нядобры розгалас – аж да выкліку міліцыі на «лесасекі». Сьведкі барбарскай высечкі сьцьвярджалі і прыводзілі важкія на тое доказы (якія пасьля пацьвердзіліся), што вальшчыкі шматлікіх бяроз і елак дзейнічалі незаконна.
Апошнімі гадамі на месцы ўчорашніх прысадаў усё часьцей бачыш лесасекі. Масавая высечка зялёных насаджэньняў набірае абароты. Бярозы, ліпы і елкі адпраўляюць у кацельні і проста на дранку – гаспадарнікі вырашылі, што роўнае поле, якое цягнецца адразу за асфальтавай паласой, нашмат прыгажэйшае. Гэтая тэндэнцыя нават атрымала назву: «адкрыць палі». Каму патрэбныя гэтыя «адкрытыя» палі – незразумела. Сельгаспрадукцыю вырошчваць у двух мэтрах ад аўтатрас небясьпечна з-за выхлапаў. Узімку дарожнае палатно бесьперашкодна замятае гурбамі. Пакутуюць і жыхары навакольных вёсак, чые хаты сталі выглядваць вокнамі проста на шашу.
Шчыра прызнаюся, у гэтым выпадку было зусім няпроста правесьці журналісцкае расьсьледаваньне. Ад самага пачатку склалася ўражаньне, што наступаю выяўна на «хворы мазоль». Мясцовыя чыноўнікі ў адзін голас сьцьвярджалі: усё рабілася ў адпаведнасьці з законам. А ў сельсавеце і наогул казалі, што аб праблеме ведаць ня ведаюць.
Выяжджаю на месца. Доўгая і шырокая паласа сьвежаўзаранай зямлі толькі абломкамі сукоў і бярозавай прысадай, што рэзка абрываецца, нагадвае пра тое, што раней тут была кудра. Цяжкая тэхніка, якая вывозіла лес, пакінула красамоўныя сьляды на скапанай коламі ўзбочыне. Для мяне відавочна адно – насаджэньні ніяк не маглі перашкодзіць тым жа дарожнікам або прадстаўнікам іншых службаў. Абапал шашы калісьці былі пасаджаныя дзьве алеі. Высеклі тую, якая знаходзіцца на полі, у аддаленьні ад асфальту – гусьцейшую. Яна абараняла сабой і зямельныя ўгодзьдзі, і найбліжэйшыя хаты. Значыць, тут таксама «адкрывалі палі»?
Мой наступны візыт – да начальніка Віцебскай раённай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. Міхаіл Кміта дыпляматычны: так, высечка была. Але лічыць яе цалкам незаконнай нельга: лесасечны білет лясгасам выпісаны. Праўда, на левы, а не на правы бок дарогі... Намесьнік дырэктара раённага ЖКГ ужо аштрафаваны за парушэньне тэхналягічнай карты на 1,9 мільёну рублёў. Ці толькі ў гэтым і ці толькі ягоная віна? Складана сказаць. Матэрыялы перададзеныя ў абласны камітэт, там хай і вырашаюць...
Я, вядома, засумнявалася, што гэтую справу можна кваліфікаваць як звычайнае парушэньне тэхналягічнай карты. Пераблытаць лева-права і высечы зусім іншы ўчастак безь якога-кольвек дазволу і ўзгадненьня – гэта ня лішніх паўмэтру дзялянкі пілой адхапіць. Пагадзіліся са мной і ў абласным Камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. Намесьнік начальніка аддзелу дзяржкантролю за аховай і выкарыстаньнем зямель, расьліннага і жывёльнага сьвету Васіль Кірпічонак паведаміў, што ў цяперашні час пакет дакумэнтаў наконт наўмыснага зьнішчэньня 157 дрэў рыхтуецца да перадачы ў праваахоўныя органы. Ніякіх сумненьняў у тым, што гэта адназначна незаконная высечка, а ня простае парушэньне тэхналягічнай карты, у адмыслоўцаў няма. Цяпер ужо падлічана, што прыблізны кошт шкоды, нанесенай дзеяньнямі самавольных вальшчыкаў прыродзе, перавышае 100 мільёнаў рублёў і кваліфікуецца як шкода ў асабліва буйных памерах.
Алена Бегунова, respublika.sb.by