Альжырская хакерская суполка “El Moujahidin” зрабіла дэфэйс афіцыйнага сайту Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа. Мяркуючы па кэшы пошукавай сыстэмы Google, узлом сайту адбыўся 9 чэрвеня не раней за 4:01:14 GMT і не пазьней за 16:01:57 GMT.
Замест інфармацыі пра тэатр наведвальнікі сайту бачылі надпіс “Hacked by El Moujahidin”, лягатып суполкі і тэкст, які патрабуе паведаміць свайму ўраду пра Палестыну, інакш узломы сайтаў працягнуцца. Хакерская суполка “El Moujahidin” стала вядомай пасьля кібэр-атакі на “Air France” - сайт гэтай кампаніі быў таксама дэфэйснуты 30 сакавіка.
Згодна з дадзенымі архіву ўзломаў “H@CK M1RROR”, сайт коласаўскага тэатру цярпеў ад хакераў і раней: у шэрагу іншых беларускіх сайтаў ён быў дэфэйснуты суполкай Team_CC 27 красавіка.
Найбольш вядомая хакерская атака на віцебскія сайты адбылася ў жніўні 2011 году - тады туніскія хакеры ўзламалі сайт Упраўленьня ўнутраных спраў Віцебскай вобласьці.
news.vitebsk.cc