Аўтамабіль Volkswagen, якім кіравала жанчына, апынуўся ў правале цеплатрасы. Гэта здарылася ўначы 22 жніўня на скрыжаваньні вуліц Рэспубліканскай і Сьвярдлова ў Полацку.
Як паведамляе onliner.by, у горадзе шмат раскапаных участкаў цеплатрасы, якую ў Полацку актыўна рамантуюць, але не заўсёды агароджваюць па ўсіх правілах бясьпекі.
У Полацкім ЖКГ гэтак адкаментавалі сытуацыю з аўтамабілем, які праваліўся ў яміну:
“Мы ведаем пра гэты выпадак. Там адбыўся прарыў цеплатрасы. Месца правядзеньня рамонтных работ заўсёды пазначаюць адпаведным чынам, з дапамогай агароджаў. Гэты выпадак не выключэньне. Па нашай інфармацыі, ноччу Volkswagen Golf падмяў адразу тры стойкі агароджы. Адна зь іх апынулася пад днішчам, а вось дзьве іншыя зьніклі. За рулём, як казаў сьведка, была дзяўчына. А выклікаў ДАІ раніцай хлопец. Зараз вядзецца разбіральніцтва. Мы нават пакуль не падымалі аўтамабіль, каб усё было агледжана".