25 лістапада судзьдзя Полацкага гарадзкога суду Ўладзімер Бясецкі прызнаў былога палітвязьня вінаватым у парушэньні артыкулу 23.34 КаАП і за "правядзеньне несанкцыянаванага пікету з раздачай улётак" прысудзіў Андрэю Гайдукову арышт на 10 сутак.
Інцыдэнт, які разьбіраўся ў судзе, адбыўся 24 лістапада ў Полацку. Міліцыя затрымала Гайдукова, які раздаваў мінакам улёткі пра палітвязьняў. Разам з Андрэем Гайдуковым быў затрыманы Антон Паўлаў, які фатаграфаваў акцыю. Абодвух адвезьлі ў міліцыю і прымусілі выдаліць усе здымкі. На Андрэя Гайдукова ў пастарунку склалі пратакол пра правапарушэньне. Тут жа ўручылі позву ў суд – 27 лістапада на 16.30. Аднак на наступны дзень пасьля падзеі апоўдні Андрэю Гайдукову дахаты прынесьлі іншую позву: пра тое, што суд адбудзецца зараз жа, а 14:00.
"У судзе я заявіў, што мне патрэбны абаронца, і што я маю дамову зь менскім адвакатам. Але дабрацца так хутка да Полацку ў яго няма фізычнай магчымасьці. Судзьдзя Ўладзімер Бясецкі чакаць не пагадзіўся: ён сказаў, што дае мне паўгадзіны, каб я заключыў дамову з полацкім адвакатам. Давялося гэта зрабіць, і я лічу, што маё права на абарону ў судзе парушанае: спачатку суд быў прызначаны на пазьнейшую дату, а потым яго перанесьлі і, фактычна, не далі магчымасьці запрасіць да ўдзелу ў працэсе таго адваката, якому я давяраю", - сказаў Андрэй Гайдукоў.
Наперадзе ў яго яшчэ адно разьбіральніцтва - наконт факту затрыманьня 21 лістапада. Ён быў затрыманы ў Наваполацку – таксама за распаўсюд улётак пра палітвязьняў. У наваполацкай міліцыі на яго склалі пратакол за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных.
"Пратаколу я не падпісваў, копіі ня маю, таму не магу сказаць, у парушэньні якога артыкулу мяне вінавацяць. Я чуў, што па тэлефоне супрацоўнікі міліцыі камусьці тлумачылі, што мой выпадак будзе разьбіраць адміністрацыйная камісія. Але ніякіх позваў у мяне пакуль няма – ані на пасяджэньне камісіі, ані ў суд", - распавёў Андрэй Гайдукоў.
Андрэй Гайдукоў - былы палітзьняволены, 8 лістапада 2012 году супрацоўнікі КДБ затрымалі яго і завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве ў форме правядзеньня агентурнай дзейнасьці). Справа Гайдукова разглядалася ў закрытым рэжыме, падчас суду абвінавачанье Гайдукову было перакваліфікаванае. 1 ліпеня 2013 году Віцебскі абласны суд асудзіў Гайдукова паводле крымінальнага артыкулу "Спроба ўсталяваньня супрацоўніцтва са спэцслужбамі, органамі бясьпекі або органамі замежнай дзяржавы". Яго прызналі "вінаватым у спробах устанаўленьня кантактаў з супрацоўнікамі замежнай спэцслужбы без прыкмет дзяржаўнай здрады". 8 траўня 2014 году Андрэй Гайдукоў выйшаў на волю.
spring96.org