 Праваабаронца Валер Місьнікаў мяркуе, што ўсё тое, што адбылося пасьля зьнікненьня яго імя са сьпісу сяброў участковай камісіі №17 гораду Віцебску можна расцаніць, як бязьдзейнасьць прадстаўнікоў судовай улады ў пэрыяд выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі. Пракурорскія чыноўнікі наўмысна самаўхіліліся ад выкананьня ўскладзеных на іх дзяржавай абавязкаў па наглядзе за ходам выбарчага працэсу.
Праваабаронца Валер Місьнікаў мяркуе, што ўсё тое, што адбылося пасьля зьнікненьня яго імя са сьпісу сяброў участковай камісіі №17 гораду Віцебску можна расцаніць, як бязьдзейнасьць прадстаўнікоў судовай улады ў пэрыяд выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі. Пракурорскія чыноўнікі наўмысна самаўхіліліся ад выкананьня ўскладзеных на іх дзяржавай абавязкаў па наглядзе за ходам выбарчага працэсу.
З паведамленьняў у СМІ вядома, што на паседжаньні адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску 26 жніўня за ўключэньне ў склад участковай камісіі №17 грамадзянскага актывіста Валера Місьнікава, які быў вылучаны ад Першамайскай раённай арганізацыі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці, усе прысутныя прагаласавалі адзінагалосна. Факт быў зафіксаваны праваабаронцам Паўлам Левінавым, які прысутнічаў на гэтым паседжаньні ў якасьці назіральніка ад грамадзкага аб'яднаньня «Беларускі Хэльсынскі Камітэт» (БХК), а таксама аднапартыйцам Валера Місьнікава Іванам Пялецким - сябрам палітвыканкаму Віцебскай гарадзкой партыйнай арганізацыі.
Як распавядае сам Валер, ён быў уключаны ў праект рашэньня, і за гэты праект прагаласавалі адзінагалосна. То бок усе прадугледжаныя заканадаўствам працэдуры былі цалкам выкананыя. А потым адбылося нешта незразумелае: пасьля прыняцьця рашэньня выканкамам паседжаньне скончылася, а вось на тэхнічным этапе друкаваньня сьпісу сяброў участковай камісіі яго імя выпарылася са сьпісу ў невядомым накірунку.
Нягледзячы на тое, што здарылася, Місьнікаў не аспрэчвае працу чыноўнікаў раённай адміністрацыі, але мае пару пытаньняў: «А хто пэрсанальна выключыў мяне зь сяброў участковай камісіі? І ў сілу якой вызначанай законам працэдуры гэта адбылося?»
Гэтыя самыя пытаньні былі зададзеныя праваабаронцам Валерам Місьнікавым - спачатку ў вуснай форме - начальніку аддзелу арганізацыйна-кадравай работы раённай адміністрацыі Л. Кліменчанку, а пасьля - у пісьмовай заяве - на адрас гарадзкой пракуратуры. Чыноўніца раённай адміністрацыі растлумачыць уцямна тое, што здарылася, не змагла. Не змаглі патлумачыць гэты факт і прадстаўнікі гарадзкой пракуратуры. Больш таго, у вызначаныя законам тэрміны пісьмовага адказу з пракуратуры на сваю заяву віцебскі праваабаронца так і не атрымаў. І гэта нягледзячы на пададзеную ім неабходную для высьвятленьня матываў таго, што здарылася, інфармацыю і зьвесткі аб сьведках.
Не дачакаўшыся адказу, 10 верасьня Валер Місьнікаў ідзе на прыём да сябра адмыслова створанай пры гарадзкой пракуратуры камісіі для працы з прававымі пытаньнямі, якія паўстаюць у пэрыяд выбараў.
Пра тое, што было далей, распавядае спадар Місьнікаў:
«Мы вам адказ выслалі», - заяўляе мне на выказаныя мною ў адрас пракуратуры прэтэнзіі чыноўнік, які прыняў мяне. - Я кажу: «Ніякага адказу не было». Мы пачынаем зь ім гутарыць. Тлумачу яму, што мяне цікавяць толькі два выказаныя мною пытаньні. Аднак ён упарта ня хоча мяне чуць і ўспрымаць. Я яму кажу: «Вы неадэкватныя, Вы ня здольныя разумець дакладны сэнс майго звароту». - Ён на мяне крыўдзіцца. - Я яму: «Вы на мяне, вядома, можаце крыўдзіцца, але вы неадэкватныя. Вы разумна ня думаеце». - Але ён усё адно працягвае задаваць нейкія дзіўныя пытаньні: «А як вас партыя вылучала? А як гэта адбывалася?» - «Мяне гэта не цікавіць, гэта тэхнічныя пытаньні партыі, я іх не аспрэчваю. Вы мне скажыце: Чаму маё імя зьнікла са сьпісу, і хто вінаваты?» - Ён кажа: «Я выклікаю міліцыю». - «Выклікайце». - Уваходзіць дзяжурны міліцыянт, які тлумачыць мне, што пракурорскі чыноўнік - чалавек разумны, таму што кожны год праходзіць камісію. - «Можа быць, на гэтай стадыі ён і разумны, але, пагадзіцеся са мной, што калі пракурор, які праходзіць штогод камісію, ня ведае юрыдычнага тэрміну «абраза», то які ж ён тады пракурор? І які ён тады разумны пракурор? Я не кажу пра ягоныя нейкія людзкія якасьці, я даю ацэнку яго прафэсійнай дзейнасьці». - Яны ў тупіку. - «Што нам рабіць?» - пытаецца пракурор у міліцыянта. - узьнікае паўза. Потым міліцыянт кажа: «Адпускайце яго з Богам».
Але перад тым, як зайсьці да пракурора, я зрабіў запіс у кнізе заўваг і прапаноў, дзе папрасіў пракурора не зацягваць разгляд майго звароту, паколькі выбарчая прэзыдэнцкая кампанія неўзабаве скончыцца, і пасьля 11 кастрычніка мне ніякія пракурорскія рашэньні будуць не патрэбныя і не цікавыя.
І, уявіце сабе, усяго праз тры дні, у панядзелак, яны мне даюць адказ на маю заўвагу ў кнізе заўваг. Юры Раманоўскі піша, што 09.09.2015 году гарадзкая пракуратура выслала мне адказ, які я маю права абскарджваць. Але ніякага адказу я не атрымліваў і ў вочы ня бачыў! Што гэта? Гульня ў дзіцячай пясочніцы? Ой, «пошта вінаватая»?!
У гэты ж дзень, 14 верасьня, я аддаю скаргу ў абласную пракуратуру на імя Генадзя Дыско і прашу, каб ён прымусіў гарадзкую пракуратуру даць адказ на мой зварот і аднавіць мае парушаныя правы. Але ніякага адказу з абласной пракуратуры дагэтуль я таксама не атрымаў!
Цяпер прааналізуем тое, што адбылося: 9 дзён гарадзкая пракуратура нібыта разглядала маю заяву, але пры гэтым ані назіральнік ад БХК Павал Левінаў, ані іншыя сьведкі, заяўленыя мною, апытаныя не былі. Не апытвалі, нічога не рабілі і адказу не дасылалі. Яны адказваюць: дасылалі. Але тады як жа яны разглядалі маю заяву, калі яе не правяралі, калі не апытвалі сьведкаў? Вырашылі пагуляцца? І гэта - прадстаўнікі ўлады!
Выходзіць, праваабаронца Місьнікаў ня годны быць у складзе ўчастковай камісіі?
Я ня ведаю, чым яны кіраваліся. І гэта пры тым, што мая грамадзкая актыўнасьць і прафэсійная падрыхтаванасьць досыць высокія. Калі мяне выключаюць, то каго яны тады ўключаюць? Значыць, уключаюць туды паводле нейкіх стандартаў, аднак гэтых стандартаў яны чамусьці нідзе не прапісваюць. Навошта тады яны забіраюць у мяне час і здароўе? Я на гэта не заслугоўваю, тым больш што я жыву ва «ўнітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржаве». Калі хто-небудзь хоча паспрачацца, хай паспрачаецца з артыкулам 2 Канстытуцыі РБ.
А можа быць, яны баяцца, што грамадзянін В. Місьнікаў убачыць тое, што не павінен бачыць ніхто, апроч чальцоў камісіі, асноўным крытэрам дзейнасьці якіх зьяўляецца безумоўнае і бясспрэчнае выкананьне «указівок», што выходзяць ад вышэйстаячых чыноўнікаў?
Мяне насьцярожвае факт: чаму грамадзянскія актывісты, якія хацелі б узяць удзел у гэтым палітычным мерапрыемстве, пазбаўляюцца такой элемэнтарнай магчымасьці? Такім чынам, маё законнае права не адноўленае аж дагэтуль. Зь мяне хочуць зрабіць прававога інваліда, чалавека з абмежаванымі прававымі магчымасьцямі. Апроч таго, наўмысная бязьдзейнасьць пракурорскіх чыноўнікаў накіраваная на абмежаваньне прававых і палітычных магчымасьцяў, якія даюцца дзяржавай для самарэалізацыі грамадзяніна ў працэсе выбарчай кампаніі. А гэта - нішто іншае, як дыскрымінацыя!
Апошнім часам, усё часьцей сутыкаючыся з панавальным ў нашай краіне прававым бязьмежжам, мне часам здаецца, што ўладу захапілі нейкія чалавекападобныя істоты, якіх зьнешне абсалютна нельга адрозьніць ад Homo sapiens, але якія абсалютна не адпавядаюць узроўню яго інтэлекту і маральных якасьцяў. Аднак калі там працуюць чалавекападобныя істоты, але з інтэлектам, які не дацягвае да ўзроўню чалавека разумнага, а адпаведнага толькі ўзроўню Homo erectus - чалавеку ўмеламу, то што тады? Маральна-прававыя мутанты захапілі ўладу!
І калі мы ня будзем даводзіць да агульнага ведама прававыя парушэньні, што адбываюцца ў краіне, то гэтыя мутанты перакруцяць усю сутнасьць прававой сыстэмы, бо прафэсіяналізм ім наогул не ўласьцівы, а іхныя інстынкты накіраваныя толькі на элемэнтарнае жывёльнае самазахаваньне і самавыжываньне.