Незалежнага назіральніка ад Беларускага Хельсінкскага Камітэту Яна Дзяржаўцава выдалілі 22 верасьня з ўчастку №14 Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акругі №19. Ён нібыта перашкаджаў працаваць камісіі.
Пра гэта сам назіральнік даведаўся, калі прыйшоў на выбарчы ўчастак пасьля абеду. Як распавёў “Дыялёгу” Ян Дзяржаўцаў, дзеля таго, каб пазбавіць яго права назіраць за выбарамі, была склікана ўся камісія. Сямнаццаць чалавек выбарчай камісіі адзінагалосна прагаласавалі за тое, каб выдаліць назіральніка з участку. Яму нават ня далі слова.
Якім жа чынам Дзяржаўцаў чыніў перашкоды ў працы ўчастковай камісіі?
Са слоў Дзяржаўцава, з самага ранку на выбарчы ўчастак прыйшла невядомая асоба. Паразмаўляўшы аб нечым зь сябрамі камісіі і сакратаркай, яна села побач з назіральнікам.
“Я запытаўся ў яе, як ейнае прозьвішча і ад якой яна партыі. Адказала, што яе клічуць Натальля Генадзеўна. А прозьвішча не сказала. Тады я запытаўся, зь якой яна арганізацыі, і тая паведаміла, што з Чыгуначнага райвыканкаму. Празь некаторы час я зноў запытаўся пра прозьвішча, бо пабачыў, як вакол яе ўсе танчаць. А калі яна пабочная асоба – дык ня мае права знаходзіцца на выбарчым участку. Падышоў да сакратаркі і папрасіў дазволу патэлефанаваць ў акруговую камісію, каб даведацца, хто ж такая. Уцямнага адказу ў АВК мне ня далі. Але ў той момант, калі я тэлефанаваў, адна з назіральніц мяне сфатаграфавала. І тут жа сакратарка заявіла мне, што я ёй перашкаджаю працаваць…” – распавёў Ян Дзяржаўцаў.
Абвінавацілі яго і ўтым, што ён нібыта абражаў іншых назіральнікаў…
“Я ўпэўнены, што гэта было толькі нагодай, а мэтай было выдаліць мяне з участку пад любым соўсам. На той момант за паўдні прагаласавала усяго 32 чалавекі, і я ім не даваў магчымасьці фальсыфікаваць яўку выбарцаў, вось у чым была справа”, – кажа Дзяржаўцаў.
...мэтай было выдаліць мяне з участку пад любым соўсам
Выбарчы ўчастак № 14 Віцебскай-Чыгуначнай акругі разьмешчаны ў гімназіі №4 Віцебска. Як паведаміў назіральнік, за чатыры дні папярэдняга галасаваньня яўка склала 350 чалавек (з трох тысяч на ўчастку), але такога, па ягоных разьліках, быць ня можа. Бо штодзень зь 17.00, калі ён назіраў на ўчастку, галасавала не больш за 30 чалавек.
“Гэта ж неверагодна, што робіцца. Вар’яцтва нейкае. Якія тут выбары?! Шыта ўсё белымі ніткамі”, – абураецца Ян Дзяржаўцаў.
У дзень выбараў 23 верасьня Ян Дзяржаўцаў зьбіраецца паўторна зарэгістравацца на гэтым жа ўчастку ў якасьці назіральніка, але цяпер ад партыі КХП БНФ. Зь ягоных словаў, выбарчы кодэкс гэтага не забараняе. Калі не зарэгіструюць – будзе падаваць скаргі.
Дарэчы, прозьвішча асобы з аддзелу адукацыі Чыгуначнага раёну Віцебску,якая прысутничала 22 верасьня на выбарчым участку №14, – Мікалаёнак (Николаенок). Назіральнік спраўдзіў інфармацыю ў райвыканкаме. Працуе яна ў аддзеле адукацыі. А што рабіла на ўчастку – невядома…