Суд Чыгуначнага раёну Віцебска аштрафаваў віцебскага апазыцыянэра Барыса Хамайду на чатыры базавыя велічыні за пікетаваньне ў цэнтры Віцебску. Хамайда трымаў ля "сіняга дому" плякат “Незаконным выбарам у незаконную „палатку“ – байкот!”
"Судзіла мяне ў Чыгуначным райсудзе Алена Цыганкова. Я ёй патлумачыў сваю пазыцыю: што нічога не парушаю, бо ідзе агітацыйная кампанія. Так, я агітую за байкот выбараў, бо ён у нас не забаронены. Я не адмаўляў, што выйшаў з плякатам, так што нават не апытвалі міліцыянтаў-сьведак. Пасьля майго выступу судзьдзя кудысьці выходзіла — відавочна, з кімсьці раілася. Урэшце вынесла рашэньне пра штраф памерам 4 базавыя велічыні. Для мяне гэта першае абвінавачаньне ў пікетаваньні сёлета, таму і штраф адносна невялікі", - распавёў Барыс Хамайда Радыё Свабода.
Барыс Хамайда першы пачаў агітацыйную кампанію ў Віцебску. Зарэгістраваных кандыдатаў пакуль што ні чутна ні бачна.