Крымінальную справу супраць журналіста і грамадзкага актывіста Мікалая Петрушэнкі ўзбудзіў Аршанскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту РБ. Петрушэнку абвінавачваюць ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369. КК).
Паводле пастановы аб узбуджэньні крымінальнай справы, Петрушэнка падрыхтаваў і разьмясьціў у інтэрнэце артыкул “Пэдафіл атрымоўваў прэміі за лепшыя дзіцячыя пляцоўкі”, у якім указаў, што намесьнік старшыні Аршанскага гарвыканкаму Сяргей Жалдзібаеў “зьяўляецца непасрэдным падазроным у “крышаваньні” непрыгляднай дзейнасьці пэдафіла, чым публічна абразіў прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў”.
Артыкул Петрушэнкі зьявіўся на сайце грамадзянскай кампаніі “Наш Дом” 8 жніўня 2012 года ў разьдзеле “Блогі”.
Гэты ж рэсурс паведаміў нядаўна, што Мікалай Петрушэнка прапанаваў следству накіраваць ягоны артыкул для лінгвістычнай экспэртызы адразу ў дзьве грамадзкія арганізацыі – Беларускую асацыяцыю журналістаў і Беларускі саюз журналістаў. Маўляў, “заключэньні гэтых дзьвюх аўтарытэтных арганізацый дазволіць пазьбегнуць суб’ектыўнасьці, усебакова дасьледаваць праблему і зрабіць правільныя высновы сьледсту і, магчыма, суду адносна кваліфікацыі дзеяньняў”.
У хадайніцтве Петрушэнка кажа, што абавязуецца прыслухацца да ацэнак спецыялістаў БАЖ і БСЖ. І ў адпаведнасьці з атрыманым заключэньнем – прызнаць сваю віну альбо патрабаваць спыненьня крымінальнай справы.
Цікава, што пра ўзбуджэньне крымінальнай справы Мікалай Петрушэнка даведаўся ў дзень рэгістрацыі яго як кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Аршанскай гарадзкой выбарчай акрузе №26. З гэтага і пачалася агітацыйная кампанія кандыдата.
Адзначым, што раней з Петрушэкам пачаў судзіцца іншы чыноўнік – старшыня Талачынскай раённай арганізацыі “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Юры Лычкоўскі. Яго абразіла тое, што журналіст у артыкуле “От пущи до неволи: в тихом болоте черти водятся”, апублікаванай у газэце “Віцебскі Кур’ер”, быццам бы назваў яго браканьерам.
Лычкоўскі патрабуе спагнаць у салідарным парадку з аўтара і рэдакцыі 5 млн. рублёў. Другое паседжаньне па грамадзянскаму іску адбудзецца 27 жніўня ў судзе Талачынскага раёну.
Фота nash-dom.info