Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргу актывіста кампаніі “Гавары праўду”

29 студзеня адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк  абскарджваў у Віцебскім абласным судзе адмову ў рэгістрацыі сваіх ініцыятыўных груп. Суд падтрымаў ранейшыя адмовы раённай і абласной выбарчых камісіяў. Актывіст зьбіраўся балятавацца ў Талачынскі раённы і Коханаўскі сельскі саветы праз збор подпісаў.

Талачынская раённая выбарчая камісія ініцыятыўныя групы не зарэгістравала, спаслаўшыся на 6-ю частку артыкулу 60 Выбарчага кодэксу. Сяргею Вазьняку было заяўлена, што ён не жыве і не працуе на тэрыторыі саветаў, у якія зьбіраецца балятавацца. Спадар Вазьняк з такімі аргумэнтамі не пагадзіўся: спрабаваў давесьці, што ён галоўны рэдактар рэспубліканскай газэты «Товарищ», якая распаўсюджваецца на тэрыторыі ўсёй Беларусі, адпаведна, і ў Талачынскім раёне.

У Талачынскай раённай выбарчай камісіі сказалі, што тэрыторыя распаўсюду газэты ня можа разглядацца як месца працы. Віцебская абласная выбарчая камісія таксама ня стала на бок актывіста: скаргу на тое, што раённая камісія беспадстаўна адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп, палічылі неабгрунтаванай.

Віцебскі абласны суд ня толькі падтрымаў ранейшыя падставы для адмовы ў рэгістрацыі, але далучыў шэраг новых, распавёў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Партыі левых «Справядлівы сьвет» Мікалай Селівашка, адзіны прадстаўнік дэмакратычных сіл у абласной выбарчай камісіі:

«У якасьці падстаў для адмовы ў рэгістрацыі было сказана, што газэту „Товарищ“ не распаўсюджвае мясцовая пошта, і што яе няма ў падпісным каталёгу. Тлумачэньні пра тое, што гэта не віна рэдактара, а адмова ад супрацоўніцтва з боку «Белпошты», прынятыя не былі. Не дапамагло і тое, што на суд прыехалі жыхары Талачыншчыны, наш аднапартыец з Коханава Мікалай Петрушэнка ды іншыя чытачы газэты. Яны засьведчылі, што газэта распаўсюджваецца на гэтай тэрыторыі і ўздымае мясцовыя праблемы. Аднак і пракурор, і судзьдзя вырашылі, што сьведкі – зацікаўленыя асобы, і таму іх тлумачэньні нельга лічыць аб'ектыўнымі».

Прысутныя на судзе актывісты і сам Сяргей Вазьняк, разумеючы, што станоўчага рашэньня ня будзе, пакінулі суд яшчэ да яго абвяшчэньня.

Праваабарончы цэнтар «Вясна»

FaLang translation system by Faboba