Кошты ў жніўні: падаражэлі хлеб, малако, гарэлка і… лапша

За першы тыдзень жніўня найбольш падаражэлі хлеб і гарэлка. Чакаецца рост коштаў на малако. А вось памідоры, бульба, морква ды гуркі пакуль таньнеюць.

Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэту, ад пачатку месяца хлеб і хлебабулачныя вырабы падаражэлі на 3,1% (у параўнаньні з сярэднімі коштамі ў ліпені), гарэлка – на 2,6%, сухія малочныя сумесі для дзіцячага і дыетычнага харчаваньня – на 1,2%, піва – на 0,9%, лапша і соль – на 0,7%.

Між тым, гародніна на пачатку апошняга летняга месяца таньнела. Памідоры сьвежыя – на 18,4%, бульба – на 12,9%, морква – на 10,5%, агуркі – на 10,3%, буракі – на 7,1%, яблыкі – на 5,2%, цыбуля – на 3,8%.

Нагадаем, што Мінэканомікі пастановай ад 31 ліпеня прадугледзела магчымасьць падвышэньня цэнаў у жніўні-верасьні на высокатлустыя гатункі малака, кефіра, сьмятаны  і тварага – на 4% у месяц. Гранічныя максімальныя адпускныя цэны на так званае “сацыяльнае малако” (нізкатлустыя малочныя прадукты), якое ў апошні час зьнікла з паліц прадуктовых крамаў, павялічацца ў жніўні аж на 35%, у верасьні – на 4%.

Таксама ў жніўні на 10% павысяцца гранічныя максімальныя адпускныя кошты на традыцыйныя гатункі хлеба, батонаў і мяса куранят-бройлераў. Гэтае падаражэньне, як тлумачыць Мінэканомікі, абумоўлена ростам закупачных цэнаў на збожжа.

Дадамо, што ў сферы паслуг за першы тыдзень жніўня (у параўнаньні зь сярэднімі коштамі ліпеня) найбольш падаражэлі тэхнічнае абслугоўваньне жылых памяшканьняў (26,6%), паслугі электразабесьпячэньня (23,7%), чыгуначнага транспарту міжнародных зносін (11%) і бытавых паслугаў (2,1%). 

FaLang translation system by Faboba