Ва ўмовах, калі ўлады спрабуюць цалкам падпарадкаваць сабе сродкі масавай інфармацыі, калі практычна немагчыма зарэгістраваць незалежную прэсу, адзіным каналам для шырокага распаўсюду інфармацыі, нецэнзураванай уладамі, застаецца, бадай, інтэрнэт. «Дыялёг» пагутарыў з рэдактарам аднаго з найстарэйшых незалежных інфармацыйных сайтаў Віцебскай вобласьці orsha.eu Ігарам Казьмерчаком.
«Наш сайт – агульнадэмакратычны. Гэта ня значыць, што ён апазыцыйны. Калі ўлада зробіць нешта добрае – мы пахвалім уладу. Калі апазыцыя зробіць нешта кепскае, якія б гэта дэмакраты ні былі, – мы можам іх пакрытыкаваць. Мы спрабуем падаваць матэрыялы без перадузятасьці. Калі мы станем адстойваць пазыцыю толькі адной нейкай партыі, то нас і будуць чытаць толькі сябры гэтай партыі. Мы ж хочам, каб наш сайт чытаў і выказваўся на яго старонках увесь горад», – ахарактарызаваў палітыку сайту orsha.eu яго рэдактар.
Паводле словаў Ігара Казьмерчака, рэдагаваны ім сайт – адзінае месца, дзе можна рэальна абмяркоўваць праблемы гораду Воршы. Гэта тычыцца як праблемаў цяперашняга дня, гэтак і пытаньняў далейшага разьвіцьця.
«Сайт orsha.eu («Аршанскі рэгіянальны партал») быў створаны ў 2007 годзе. Гэта даволі папулярны сайт. У сярэднім ён мае 520 наведнікаў штодня, – распавёў Ігар Казьмярчак. – Наш сайт даволі камэнтуемы. Так, там ёсьць тролі. Але мы з гэтага толькі радуемся. Бо калі яны троляць, значыць, па-першае, наш сайт гэтага заслугоўвае, а, па-другое, яны даюць нам рэальна вельмі добры рэйтынг».