Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Натальля Ляпёшкіна забараніла пікет, які праваабаронцы меркавалі зладзіць 19 кастрычніка. Яны хацелі абмеркаваць з жыхарамі гораду праблемы, зьвязаныя з наяўнасьцю і ўжываньнем сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Прычына забароны акцыі – адсутнасьць у яе арганізатараў дамоваў з ЖКГ, міліцыяй і мэдыкамі на яе абслугоўваньне.
Такія дамовы неабходна заключаць да падачы заяўкі на масавае мерапрыемства згодна з рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму № 881 ад 10 ліпеня 2009 году. Згаданыя службы ўсяляк ухіляюцца ад заключэньня патрэбных дамоваў, таму выканаць рашэньне гарвыканкаму на практыцы не ўдалося яшчэ нікому.
Заяўнікам акцыі выступаў праваабаронца Леанід Сьвецік. «Я ня меў ніякіх ілюзіяў наконт рашэньня адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску. Было відавочна, што пікет забароняць, – сказаў ён. – Але для мяне было важна заявіць праз СМІ пра тое, што ў Беларусі насьпела неабходнасьць пачаць дыскусію пра ўвядзеньне найбліжэйшым часам мараторыя на прымяненьне сьмяротнага пакараньня. Пачатак, скажам так, не зусім удалы. Але гэта пачатак доўгага і цяжкага шляху да канчатковай мэты – адмены сьмяротнага пакараньня».