Антаніна Піванос, аштрафаваная ў 2008 годзе за спробу ўручэньня падарунку вядомаму віцебскаму апазыцыянэру Барысу Хамайду, нарэшце дамаглася справядлівасьці: Камітэт ААН па правох чалавека прыняў рашэньне на яе карысьць. Цяпер, згодна з рашэньнем камітэту, беларускія ўлады абавязаныя вярнуць актывістцы канфіскаваную ў яе маёмасьць, пакрыць панесеныя ёй выдаткі і выплаціць кампэнсацыю.
Маёмасьць, згаданая ў рашэньні камітэту, – гэта габэлен, на якім Антаніна Піванос уласнаручна вышыла словы малітвы «Ойча наш». Гэты габэлен яна хацела падараваць Барысу Хамайду на 90-я ўгодкі абвяшчэньня БНР. Але ледзь падышла яна да «Сіняга дому», дзе спадар Хамайда звычайна распаўсюджвае недзяржаўную прэсу, і разгарнула габэлен, як была схопленая міліцыянтамі. Габэлен адабралі, а саму актывістку затрымалі, на яе склалі пратакол ды даставілі ў суд.
Судовы разбор адбыўся ў дзень затрыманьня, 25 сакавіка 2008 году. Дарма Антаніна Піванос спрабавала давесьці судзьдзю, што ўручэньне падарунку – гэта ніякім чынам ня масавае мерапрыемства. Слухаць яе ніхто не хацеў. Расправа была хуткай: Антаніна Піванос нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце была пакараная штрафам у памеры дзьвюх базавых велічынь.
Далейшыя спробы абараніць свае правы ў Віцебскім абласным і Вярхоўным судох плёну ня далі. І тады Антаніна Піванос вырашыла зьвярнуцца па абарону ў Камітэт па правох чалавека. Каб дасьледаваць усе акалічнасьці справы і прызнаць, што беларускія ўлады сапраўды парушылі правы актывісткі, камітэту спатрэбілася чатыры з паловай гады.
Згодна з афіцыйным рашэньнем камітэту, улады парушылі артыкул 19 міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох. Частка 2 названага артыкулу надае права жыхарам дзяржаў – удзельніц Пакту, адной зь якіх ёсьць Беларусь, вольна выказваць свае думкі і распаўсюджваць рознага кшталту ідэі. Менавіта гэтага права – якое можа быць абмежаванае толькі ў пэўных выпадках: дзеля абароны правоў і рэпутацыі іншых асоб альбо аховы нацыянальнай бясьпекі, грамадзкага ладу, здароўя ці маралі насельніцтва – улады незаконна пазбавілі віцебскую актывістку.
Антаніна Піванос – ня першая жыхарка Віцебску, якая здолела адстаяць свае правы праз зварот у Камітэт па правох чалавека. Раней станоўчыя рашэньні прымаліся камітэтам па скаргах віцебскіх актывістаў Алены Залескай і Сяргея Белязекі. Наогул жа, паводле сьцьверджаньняў праваабаронцаў, апошнім часам жыхары Віцебшчыны, дый усёй Беларусі, не знаходзячы праўды ў беларускіх судох, усё часьцей зьвяртаюцца па дапамогу ў згаданы аўтарытэтны ворган ААН.
Ці паўплываюць у выніку рашэньні, што раз-пораз прымае камітэт у абарону пацярпелых ад дзеяньняў прадстаўнікоў дзяржавы, на беларускія улады? Ці зьменяць яны нарэшце заканадаўчыя акты, каб тыя больш не супярэчылі міжнародным пагадненьням, падпісаным Беларусьсю, і судовую практыку ў краіне?
Віцебская Вясна