Круглы стол арганізавалі рух «За свабоду» і фундацыя імя Льва Сапегі. Грамадзкія актывісты абмеркавалі эфэктыўнасьць і справядлівасьць тых грамадзкіх слуханьняў, якія рэгулярна праходзяць у краіне.
Першым выступіў на дыскусіі былы старшыня Бараньскага выканкаму Юры Нагорны, які ўвёў прысутных у тэму, распавёўшы, што сягоньня дэпутатка парлямэнту Ганна Канапацкая рыхтуе зьмены ў законе аб грамадзкіх слуханьнях, і вынікі аршанскага круглага стала непасрэдна стануць часткай будучых заканадаўчых зьменаў.
Другім слова ўзяў рэдактар сайту orsha.eu Ігар Казьмярчак. Ён адзначыў, што пры ўсёй пазытыўнасьці ідэі грамадзкіх слуханьняў яны маюць шэраг праблемаў, з-за якіх амаль не працуюць і не даюць таго плёну, які маглі б. Так, чыноўнікі арганізуюць грамадзкія слуханьні з досыць фармальным падыходам, і часьцяком нават зацікаўленыя людзі могуць ня ведаць, што абмяркоўваецца нейкае рашэньне. Мабыць, з-за гэтага грамадзяне неактыўна выказваюць свае прапановы, нават на абмеркаваньні генэральнага пляну гораду. Больш таго, выказаныя грамадзянамі прапановы часьцей за ўсё чыноўнікамі ня ўлічваюцца, і праекты не карэктуюцца. Перш за ўсё, з-за нежаданьня карэктаваць праекты – плаціць дадатковыя сродкі праектантам. Як вынік: досыць спрэчныя рашэньні, якія ўключаныя, у тым ліку, у генплян.
Пра тое, якія юрыдычныя падставы ёсьць сягоньня для правядзеньня грамадзкіх слуханьняў, распавёў экспэрт фундацыі імя Льва Сапегі Андрэй Завадзкі.
У заключэньне ўдзельнікі ў фармаце дыскусіі абмеркавалі, як жа можна паправіць сытуацыю, каб грамадзкія слуханьні сталі больш эфэктыўнымі і менш фармальнымі. Быў выпрацаваны шэраг прапановаў. Мабыць, галоўная зь іх – грамадзкія слуханьні павінны пачынацца раней, чым будуць створаныя пляны, каб зацікаўленыя былі ўключаныя ў працэс абмеркаваньня яшчэ на этапе праектаваньня, а ня толькі выказвалі свае думкі па выніках, калі ўжо ніхто ня будзе мяняць аплачаны праект.
orsha.eu