Да 1 лютага будуць сфармаваныя сьпісы працаздольных грамадзян, што ня ўдзельнічаюць у фінансаваньні дзяржаўных расходаў, якія ў адпаведнасьці з дэкрэтам №3 будуць плаціць за жыльлёва-камунальныя паслугі па поўным тарыфе.
Старшыня камітэту па працы, занятасьці i сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Хрыстафораў на працоўнай нарадзе, дзе абмяркоўваліся захады па рэалізацыі дэкрэту №3 “Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва” паведаміў, што першапачаткова ў базу дадзеных патрапіла каля 78 тыс. чалавек, якія не былі занятыя ў эканоміцы.
Па выніках працы пастаянных камісіяў у рэгіёнах зь яе былі выключаныя 1,5 тыс. грамадзян, якія маюць прысядзібныя і сельскагаспадарчыя ўчасткі, каля тысячы чалавек, якія працуюць і выплачваюць падаткі за межамі Беларусі, плацельшчыкі адзінага падатку, якія пасьпелі працаўладкавацца да канца 2018 году, і іншыя катэгорыі грамадзян.
З астатняй колькасьці людзей, якія ня ўдзельнічаюць у фінансаваньні дзяржаўных расходаў, толькі 18 тыс. чалавек – плацельшчыкі жыльлёва-камунальных паслуг, але каля 5,3 тыс. зь іх не карыстаюцца гарачым водазабесьпячэньнем, за якое з 1 студзеня 2019 году павінны расплачвацца па эканамічна абгрунтаваных тарыфах у 100-працэнтным аб'ёме.
– Сьпісы ў базах дадзеных пастаянна карэктуюць, над гэтым цяпер працуюць сталыя камісіі ў рэгіёнах. У Віцебскай вобласьці іх створана 26. Галоўная задача, якая стаіць перад імі, – вывучыць сытуацыю наконт кожнага грамадзяніна, што быў унесены ў сьпісы, каб выключыць выпадкі неправамернага ўскладаньня абавязку ў поўным аб'ёме аплачваць жыльлёва-камунальныя паслугі, – адзначыў Аляксандар Мікалаевіч, падкрэсьліўшы пры гэтым, што створаныя камісіі працуюць максымальна справядліва і аб'ектыўна.
За мінулы год імі праведзена 375 паседжаньняў, у тым ліку 46 выязных. У асноўным грамадзяне прыходзяць па кансультацыі і тлумачэньні заканадаўча-прававых актаў і нормаў дэкрэту №3, прадстаўляюць дакумэнты, якія пацьвярджаюць іх удзел у фінансаваньні дзяржвыдаткаў, таксама зьвяртаюцца па дапамогу ў працаўладкаваньні. Так, па рашэньні рэгіянальных камісіяў 119 чалавек атрымалі працу без накіраваньня ў службу занятасьці, яшчэ 14 адпраўленыя на вучобу.
Інфармацыя што да нарматыўна-прававых дакумэнтаў, складу, графіку працы і кантактныя дадзеныя рэгіянальных камісіяў па каардынацыі працы па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва разьмешчаныя на афіцыйных сайтах гар-, райвыканкамаў і адміністрацыяў Віцебску.
Натальля Камлёва, vitvesti.by
Фота tut.by: Беспрацоўная просіць вызваліць яе ад выплаты “дармаедзкага падатку”, 2017 год.