Віцебскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы адносна жыхара Ленінградзкай вобласьці Расеі. Яго абвінавачваюць у «злачынствах супраць полавай свабоды». Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя пракурору для накіраваньня ў суд.
Афіцыйная прадстаўніца УСК па Віцебскай вобласьці Сьвятлана Сахарава паведаміла, што вядзецца пра праваслаўнага сьвятара. Яму прад’яўленае абвінавачаньне паводле часткі 1 артыкулу 14 і часткі 2 артыкулу 171 (замах на арганізацыю і выкарыстаньне заняткаў прастытуцыяй іншымі асобамі, спалучаны з вывазам за межы дзяржавы асоб для заняткаў прастытуцыяй, пры адсутнасьці прыкмет больш цяжкага злачынства, зьдзейсьнены асобай, якая раней учыніла злачынства, прадугледжанае артыкулам 171 Крымінальнага кодэксу) КК РБ. З моманту затрыманьня абвінавачваны знаходзіцца пад вартай.
Паводле расейскіх СМІ, затрыманы айцец Мікалай (Кірэеў), які служыў у храме ў Ленінградзкай вобласьці. Ён зьехаў з храму 2 жніўня, паведаміўшы сям’і, што зьбіраецца ў паломніцтва. Калі праз два дні перастаў адказваць на тэлефанаваньні, жонка зьвярнулася ў паліцыю. Знайсьці сьвятара ўдалося пры аблаве на прытон у Беларусі.
Падчас затрыманьня бацюшка сказаў, што зьбіраўся вывезьці жанчын у Санкт-Пецярбург. За апошнія некалькі гадоў ён езьдзіў у Віцебск чатыры разы, паведамляе НТВ.
Паводле сьледзтва, 39-гадовы мужчына з красавіка па жнівень 2017 году вёў у інтэрнэце ліставаньне зь дзьвюма жыхаркамі Віцебску. Атрымаўшы іхную згоду займацца ў Санкт-Пецярбургу прастытуцыяй за грашовае ўзнагароджаньне, ён прыбыў у Віцебск, каб даставіць дзяўчат у Расею. Але калі сядаў у аўтобус Віцебск – Санкт-Пецярбург, яго затрымалі.
Акрамя таго, выяўлена, што, папярэдне змовіўшыся з 19-гадовай грамадзянкай Таджыкістану і іншымі асобамі, айцец Мікалай у студзені-лютым 2017 году ліставаўся ў інтэрнэце аналягічным чынам зь дзяўчатамі, якія пражываюць у іншых рэгіёнах Беларусі. Па яго ўказаньні грамадзянка Таджыкістану ў лютым прыехала ў Гомель, дзе правяла зь дзяўчатамі вэрбавальныя гутаркі. Але калі сядала на цягнік Гомель — Санкт-Пецярбург, яе затрымалі. У Гомлі яе асудзілі на 5 гадоў пазбаўленьня волі. За кратамі яна апазнала ў тэлесюжэце сьвятара, які адправіў яе ў Гомель па дзьвюх дзяўчат.
svaboda.org