Намесьнік кіраўніка Адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Натальля Ляпёшкіна забараніла праваабаронцу Паўлу Левінаву правядзеньне двух пікетаў.
Традыцыйна праваабаронца заяўляе масавыя мерапрыемствы ў Віцебску на 10 сьнежня, бо ў гэты дзень 68 гадоў таму была абвешчаная Ўсеагульная дэклярацыя правоў чалавека. Дэклярацыя была прынятая Генэральнай асамблей ААН – міжнароднай арганізацыяй, адным з прыярытэтных накірункаў дзейнасьці якой зьяўляецца прасоўваньне ідэяў правоў і свабод чалавека.
Аднак віцебскім чыноўнікам, пэўна, начхаць на чалавека, яго правы і свабоды: вось ужо сем гадоў запар яны забараняюць праваабаронцу Левінаву ладзіць гэткія публічныя акцыі.
«Асноўнай мэтай пікетаў, што не адбыліся, было памагчы дзяржаўным інстытуцыям ва ўмацаваньні і разьвіцьці правоў чалавека, прапаганды дакумэнтаў у падтрымку правоў і публічнага выказваньня свайго меркаваньня па праблеме парушэньня правоў чалавека», – бядуе праваабаронца, што масавыя мерапрыемствы былі забароненыя.
Але ён не зьбіраецца здавацца і будзе рашуча дамагацца ад уладаў зьмены іх стаўленьня да імкненьня грамадзян рэалізоўваць сваё канстытуцыйнае права на правядзеньне масавых мерапрыемстваў у Віцебску.
Лявон Яфрэменка