У рукі журналістаў трапіў дакумэнт «Аб сьвятах» за подпісам Дзьмітрыя Хомы – начальніка ўпраўленьня адукацыі Віцебскага аблвыканкаму. Дакумэнт адрасаваны кіраўнікам устаноў адукацыі вобласьці – ён забараняе сьвяткаваньне Гэлаўіну і Дня Закаханых у школах і вучэльнях.
Чыноўнік аблвыканкаму выказвае «заклапочанасьць умацаваньнем у сьвядомасьці навучэнцаў дэструкцыйных падмуркаў сучаснай масавай культуры».
«Зьяўляючыся прадуктам сучаснай масавай культуры Захаду, гэтыя гэтак званыя «сьвяты» не адносяцца ні да рэлігійных сьвятаў якойсьці з канфэсіяў, зарэгістраваных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ні да сьвецкіх сьвятаў нашай дзяржавы. [Яны] носяць дэструкцыйны характар, падрываюць падмуркі маралі, сям'і і нацыянальных традыцыяў беларускага народу», – гаворыцца ў лісьце.
Сучасная моладзь, сьцьвярджае аддзел адукацыі Віцебскага аблвыканкаму, «разьнявольвае жывёльныя інстынкты», адзначаючы Гэлаўін. Дапамагаюць ёй у гэтым, сьцьвярджаецца, «цёмныя» задавальненьні ў начных клюбах: алькаголь, тытунь і наркотыкі.
Калі Гэлаўін крытыкуюць і царкоўныя гіерархі, а таксама палітыкі-кансэрватары, то Дзень Закаханых раней пад крытыку не трапляў. Праўда, каталіцкія сьвятары заклікалі не камэрцыялізаваць яго, а Расейская праваслаўная царква ў піку яму спрабуе прышчапіць культ сьвятых Пятра і Фяўроньні, але ў Беларусі ён мала распаўсюджаны.
Сваю антыпатыю да Дня Закаханых чыноўнікі тлумачаць блытана. «Гэтае сьвята адзначаецца так шырока, што многія ўстановы адукацыі аказаліся ўцягнутыя ў гіганцкую масавую індустрыю інфармацыйна-ідэалягічнага і эканамічнага характару (набыцьцё навучэнцамі паштовак)», – так тлумачыцца ў загадзе. Чыноўнікі зачапіліся за тое, што Дзень сьвятога Валянтына ўзьнік у Старажытным Рыме ў пэрыяд яго «маральнай і палітычнай дэградацыі».
Зыходзячы зь пералічаных довадаў, установам адукацыі настойліва рэкамэндуюць адрачыся сьвяткаваньня гэтых дзён і прыняць іх з выхаваўчых плянаў.
Няўжо Дзень Закаханых настолькі вялікая праблема для адукацыі, каб рассылаць адмысловыя загады? «Наша Ніва» спытала пра гэта самога Дзьмітрыя Хому, але той быў заняты і даручыў адказаць на пытаньні свайму намесьніку – Валеру Кунашко, начальніку аддзелу выхаваньня.
«Вы на мове размаўляеце, мяркуючы па ўсім, хрысьціянінам зьяўляецеся, ну навошта вам гэтыя сьвяты чужыя? – з ходу адказаў Кунашко. – Гэта ня нашыя, не нацыянальныя сьвяты, тым больш у вас, размаўляючы па-беларуску… Вы павінны наадварот – падтрымліваць…»
«Гэтае сьвята [Гэлаўін] не было ніколі, не сьвяткавалася. Апошнім часам яго ўнесьлі ў моладзевы асяродак – у начных клюбах… Я думаю, што і сьледзтва, якае вядзецца па гэтым выпадку з бэнзапілой у гандлёвым цэнтры ў Менску… Ён таксама хацеў і ў МІТСО пранесьці, і гэтак далей… Разумееце, вера ў злых духаў, што ўсе яны прапагандуюць, гэта шкодна для маладых псыхічна не загартаваных маладых людзей. Для іх гэта не ёсьць добра», – працягнуў чыноўнік.
Чыноўнікі спадзяюцца перамагчы глябалізацыю сваімі ўказамі? – спыталіся мы.
«Хай адзначаюць нашыя Калядкі, Саракі. І вам, беларускамоўнаму, і газэце, як нікому трэба прапагандаваць нашыя нацыянальныя сьвяты. А не чужыя нам, прынесеныя звонку. Я скончыў гістфак БДУ, прыехаў і першы раз пачуў, што такое Дзень сьвятога Валянтына – цэлая індустрыя, паштовачкі гэтыя трэба купляць…»
Скончыў свой адказ чыноўнік тым, што «ўсе беларускамоўныя мусяць падпісацца пад гэтым лістом», бо «нават на калегіі Мінадукацыі гаварылася, што гэта абсалютна чужыя нам сьвяты».
Арцём Гарбацэвіч. nn.by