Гісторык Юрка Копцік правёў для жыхароў Воршы экскурсію па лесе на вуліцы Магілёўскай, дзе камуністы зьнішчалі людзей.
У Воршы ў канцы вуліцы Магілёўскай знаходзяцца жылыя дамы, запраўкі, крамы. Але многія аршанцы праз стараннае замоўчваньне цяперашнімі ўладамі сталінскага генацыду 30-х гадоў ня ведаюць, што адбывалася на ўскраінах гораду ў лясох. А ўспаміны старых жыхароў сьведчаць: у чорныя 30-я гады часта ўначы можна было пачуць гукі стрэлаў з боку Кабыляцкай гары і ў іншай частцы Воршы, на вуліцы Магілёўскай. Тут катамі з НКВД расстрэльваліся жыхары Воршы, Паддубцаў, Панізоўя; але былі ахвяры ня толькі зь ліку жыхароў гораду і навакольных вёсак, сярод расстраляных былі нават жыхары далёкага ад Воршы Бабруйскага раёну.
Маштабы і цынізм зьнішчэньня людзей сапраўды шакавальныя, кажа Юрка Копцік. Дзе-нідзе чырвоныя каты кепска хавалі сьляды сваіх злачынстваў, сьведкі тых часоў прыгадваюць, як аднойчы вяскоўцы пакінулі пасьвіць каровы побач зь лесам. Каровы сталі неяк нэрвова рэагаваць на мясцовасьць, а пастухі заўважылі нагу ў боце, якая тырчала зь зямлі.
Яшчэ ў 30-я была сытуацыя, калі людзі ўбачылі ў лесе на Магілёўскай мужчыну, усяго ў брудзе. Ён плакаў і сядзеў на паляне. Калі яго спыталі, што здарылася, мужчына распавёў, што яго разам зь дзясяткамі людзей у ноч прывезьлі на расстрэл. Усіх расстралялі, а яму куля ня трапіла ў галаву, а толькі кранула. Недагляд бальшавіцкага ката ўратаваў жыцьцё чалавеку, ён здолеў адкапацца і выпаўзьці на паверхню. Але калі выбраўся на дарогу і пайшоў па ёй, з боку Воршы паказаўся “варанок” – верагодна, знайшліся “добразычліўцы”, якія паведамілі бандытам у форме пра мужчыну, які выжыў. Машына забрала мужчыну, адвезла ў аршанскую турму і на наступны дзень, па той інфармацыя, якая мелася, ён усё-ткі быў забіты ў тым самым лесе.
Многія “энкавэдысты” па выхадзе на пэнсію станавіліся палясоўшчыкамі, прычым у тых самых лясох, дзе самі расстрэльвалі людзей. Было дадзенае дакладнае ўказаньне: зьнішчаць усе вянкі, крыжы, подпісы – адным словам, усе памятныя знакі, якія людзі пакідаюць у лесе. Мэмарыял у памяць ахвяраў быў непатрэбны савецкім уладам, яны вельмі любілі распавядаць пра страшныя злачынствы нацыстаў, а вось пра свае крывавыя дзеяньні, такія ж страшныя, імкнуліся забыць і вынішчыць у народу любую памяць пра тыя падзеі. Катамі было зроблена, паводле слоў гісторыка Юркі Копціка, “чыста аршанскае вынаходства” – адразу пасьля расстрэлаў і закопваньня целаў, зямлю засявалі травой. Ужо за пару тыдняў, месяц, зямля прарастала травой, і настолькі, што ніхто адразу ня мог здагадацца, што тут зусім нядаўна расстралялі не адну сотню людзей. І ўсё ж аб ахвярах нагадвалі яры, якія ўтвараліся ў лесе. Ёсьць такія ў лесе па Магілёўскай і цяпер. Людзі бачылі ў лесе і абломкі крыжоў, якія ламалі якраз тыя палясоўшчыкі.
Нягледзячы на тое, што цяперашнія ўлады замоўчваюць тыя падзеі і не зрабілі ніякага мэмарыялу на месцы расстрэлаў па Магілёўскай, людзям ужо вядома пра крывавыя падзеі. На жаль, узровень культуры і ведаў часткі аршанцаў невысокі, пра што сьведчаць бутэлькі ад піва і пакеты ад віна ў лесе, які зьберагае настолькі трагічную гісторыю.
orsha.eu