Уласны экалягічны інфармацыйны рэсурс зьявіўся ў паўночнай вобласьці нашай краіны. Таварыства «Зялёная сетка» прэзэнтавала ў Віцебску рэгіянальны Зялёны партал – vitebsk.greenbelarus.info. Урачыстая цырымонія прайшла ў абласной бібліятэцы імя Леніна і была прымеркаваная да Сусьветнага дня аховы навакольнага асяродзьдзя, які адзначаецца 5 чэрвеня.
Асьвятляць ўсе экалягічныя падзеі ў рэгіёне, папулярызаваць экалягічна дружалюбны лад жыцьця ў грамадзтве, далучаць беларусаў у экалягічную дзейнасьць і рознага кшталту экаактыўнасьць, фармаваць у іх экалягічную культуру, гуманнае стаўленьне да прыроды – гэта мэты, якія Зялёны партал ставіць перад сабой у першую чаргу.
– Глябальна мы хочам зрабіць экалёгію тэмай №1 у грамадзтве, вывесьці яе з пэрыфэрыі інтарэсаў большасьці, зрабіць самай чытанай і абмяркоўваемай, – кажа галоўны рэдактар Зялёнага парталу Алена Садоўская. – Хочам, каб жыхарам Беларусі стала, нарэшце, не абыякава, што адбываецца з роднай прыродай, каб яны масава станавіліся яе абаронцамі, уключаліся ў прыродаахоўную дзейнасьць і актыўна ўдзельнічалі ў прыняцьці экалягічна значных рашэньняў!
Асноўных рубрык на віцебскім онлайн-рэсурсе пакуль шэсьць – «Грамадзтва», «Жыцьцё ў стылі «ЭКА», «Экалёгія гораду», «Жывая прырода», «Вакол сьвету».
– Практычна Віцебскі Зялёны партал будзе ўяўляць сабой онлайн-пляцоўку, дзе зьбіраюцца найважнейшыя і найцікавейшыя навіны ў сфэры экалёгіі і аховы прыроды, інтэрвію з адмыслоўцамі, аналітыка і камэнтары экспэртаў, – працягвае рэдактар. – Існуючая рубрыкацыя на сайце дазваляе адсочваць і фармаваць рознаплянавы тэматычны кантэнт, максымальна цікавы для большасьці. У нас ужо сабралася каманда віцебскіх журналістаў, прафэсіяналізм і асабістая ўцягнутасьць ў экалягічную тэматыку якіх мяне цешаць і натхняюць. Працаваць зь імі – адна асалода.
На прэзэнтацыі экарэсурсу прысутнічала Людміла Капранава, начальнік аддзелу арганізацыйнай, прававой і кадравай работы Віцебскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.
У межах адкрыцьця рэгіянальнага парталу былі прэзэнтаваныя таксама тыя накірункі дзейнасьці экасупольнасьці, досьвед якіх можа быць актуальны і карысны ў ахове прыроды на Віцебшчыне. У прыватнасьці, наведнікі прэзэнтацыі Віцебскага Зялёнага парталу даведаліся, што такое грамадзкі экалягічны рух «Зялёны дазор», што ўяўляе сабой прававая служба «Зялёнай сеткі», чым займаюцца актывісты кампаніі «Гарадзкі лясьнічы» і групы «Ахова дзікай прыроды Беларусі». Апроч таго, прадстаўнікі «Зялёнай сеткі» распавялі пра валянтэрскі рух таварыства і пра тое, як да яго можна далучыцца.
Кацярына Ганчарова, актывістка Таварыства «Зялёная сетка»
Ірына Белая, кіраўніца грамадзкага экалягічнага руху «Зялёны дазор»
Зьміцер Герыловіч, актывіст кампаніі «Гарадзкі лясьнічы»
Раней за Віцебск да вялікай экасям’і далучыліся Менск, Горадня, Гомель і Берасьце. Лягічным працягам распачатай інфармацыйнай працы, як адзначыла Алена Садоўская, стане стварэньне онлайн-рэдакцыі ў Магілёве. Як хутка гэта адбудзецца, пакуль невядома. Меркавана – на пачатку наступнага году. Хаця, хто ведае, мабыць, на гэтым справа Таварыства «Зялёная сетка» ня спыніцца, і свае «зялёныя» рэсурсы зьявяцца і ў маленькіх беларускіх гарадох, а ня толькі ў абласных. І калі гэта адбудзецца, місія экалягічнай асьветы, якую нясе Зялёны партал, у нейкай ступені будзе дасягнутая.