У 2015 годзе ў абласным цэнтры зарэгістравана 75 злачынстваў карупцыйнай накіраванасьці, што на 10 больш, чымся ў 2014-м. 54 зь іх – хабары і падбухторваньні да іх даваньня (было 40).
Паводле словаў памочніка пракурора Віцебску Тацьцяны Опалевай, з набыцьцём моцы 24 студзеня 2016 году Закону РБ «Аб барацьбе з карупцыяй» змагацца з такімі злачынствамі стане лягчэй. Новы дакумэнт зьмяшчае шэраг важны навацыяў, накіраваных на тое, каб дзяржаўныя пасады займалі самыя годныя і сумленныя людзі.
Цяпер у дзяржорганы не прымаюцца асобы, якія раней учынілі супрацьпраўныя дзеяньні, у тым ліку цяжкія або асабліва цяжкія злачынствы супраць інтарэсаў службы, злоўжывалі службовым становішчам. Прычым гэтая забарона не залежыць ад факту пагашэньня судзімасьці – яна бестэрміновая. Ня могуць займаць кіруючыя пасады і людзі, звольненыя па дыскрэдытуючых акалічнасьцях. Пры гэтым службовыя асобы, якія парушылі закон, ня змогуць прэтэндаваць на пэнсію па выслузе гадоў на дзяржслужбе.
Палепшаны парадак дэкляраваньня даходаў і маёмасьці службовых асоб для максымальна поўнага выяўленьня іх рэальнага маёмаснага становішча. Уведзены мэханізм канфіскацыі маёмасьці, кошт якой на 25% і больш перавышае даход, атрыманы з законных крыніцаў.
З 5 лютага пастановай ураду ўведзеная і схема ўзнагароджаньня тых, хто спрыяе выяўленьню карупцыі. Калі вядзецца пра цяжкае ці асабліва цяжкае злачынства, то выплачваецца да 50 базавых велічынь, менш цяжкае – да 30 БВ.
Але ўсё адно, на жаль, ня ўсе кіруючыя работнікі гатовыя жыць сумленна. Цяпер расьсьледуецца крымінальная справа ў дачыненьні да галоўнага інжынэра Віцебскага абласнога ўнітарнага прадпрыемства аўтасэрвісу і гандлю, які цягам некалькіх гадоў браў хабары за магчымасьць «ільготнага» допуску аўтамабіляў да ўдзелу ў дарожным руху – атрыманьня адзнакі аб праходжаньні дзяржаўнага тэхнічнага агляду. Дзялку пагражае да 5 гадоў абмежаваньня волі.
Абвінаваўчы прысуд нядаўна вынесены і ў дачыненьні да работніка аднаго з прадпрыемстваў дзяржбуднагляду. З 2009 па 2014 год мужчына неаднаразова атрымліваў і вымагаў хабар ад 200 тысяч рублёў да 500 даляраў за ігнараваньне выяўленых падчас праверак хібаў. Паводле выраку суду найбліжэйшыя чатыры гады ён правядзе ў папраўчай калёніі, маёмасьць канфіскаваная.
Сквапнасьць загубіла і выкладчыцу Віцебскага індустрыяльна-пэдагагічнага каледжу, якая вымагала ў завочнікаў сумы ад 50 да 400 тысяч рублёў за выстаўленьне станоўчых адзнак па кантрольных работах падчас сэсіяў. Суд прысудзіў яе да 4 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці і пазбавіў права працаваць у сфэры адукацыі на працягу пяці гадоў пасьля вызваленьня.
Аляксандар Кутынка, vitvesti.by