Жыхар Бешанковічаў Георгі Станкевіч вядомы як паэт, бард, настаўнік, грамадзкі дзеяч. Сваёй дзейнасьцю і жыцьцём ён натхніў відэаапэратара Аляксандра Зянкова і журналістку Алену Сьцяпанаву на стварэньне дакумэнтальнага фільму «Я лічу, што я шчасьлівы».
Перад пачаткам канцэртаў гледачы паглядзелі дакумэнтальны фільм. Прэзэнтавалі фільм аўтары, журналісты Алена Сьцяпанава і Аляксандр Зянкоў.
Працягласьць фільму «Я лічу, што я шчасьлівы» – усяго каля 14 хвілін. Але за гэты час пра Георгія Станкевіча можна даведацца вельмі шмат незвычайнага. Ня толькі пра тое, што ён піша вершы, выкладае ў школе нямецкую мову, займаецца перакладамі і сьпявае.
Гледачы ўбачылі яго ў паўсядзённым жыцьці: у роднай вёсцы Старыя Ранчыцы Бешанковіцкага раёну, дзе паэт, бард і настаўнік жыве ў прыватнай хаце, каля якой садзіць бульбу, трымае пчол, тры каровы… Ён прадае малако, бо на настаўніцкі заробак не пажывеш, і ахвяруе ўласныя грошы на самвыдатаўскую газэту «Крывінка», якую сам заснаваў і выпускае для сваіх землякоў. «Бо не бывае адной агульнай праўды, яна складаецца з тысяч чалавечых праўдаў, і іх нельга ні прыхарошваць, ні “ідэалягічна прычэсваць”», – гаворыць Георгі Станкевіч у фільме.
Творчая здымачная група – вядомая ў Воршы журналістка Алена Сьцяпанава і відэаапэратар з Барысава Аляксандар Зянкоў – распавялі, як ствараўся гэты фільм. Паводле аўтараў, мэтай было паказаць, што сапраўднае жыцьцё чалавека, які піша лірычна-ўзьнёслыя вершы, перакладае паэзію замежных клясыкаў і сьпявае пад гітару, можа быць вельмі далёкім ад чужых уяўленьняў пра «багему» і «сьвет высокага мастацтва». Але менавіта гэткае жыцьцё – самае сапраўднае, і таму ў Георгія Станкевіча нараджаюцца такія шчырыя, кранальныя радкі.
Новую кнігу вершаў «Як сьлязінка дажджу» прэзэнтаваў удзельнікам сустрэчы сам аўтар. Дарэчы, гэта ўжо чацьвёрты паэтычны зборнік Георгія Станкевіча. Выдадзены ён таксама на ўласныя сродкі, невялікім накладам, і кожная кніга ў рэшце рэшт знаходзіць свайго чытача. Бо заставацца абыякавым да паэзіі бешанковіцкага настаўніка нямецкай мовы проста немагчыма.
Яшчэ цікавей слухаць, як Георгі Станкевіч выконвае ўласныя вершы, пакладзеныя на музыку. Калі выконваць іх пад гітару, то паэтычныя радкі гучаць яшчэ больш пранікнёна, і «шлях да сэрцаў карацейшы», упэўнены аўтар.
Наступная прэзэнтацыя адбудзецца ў Віцебску. Пасьля фільм «Я лічу, што я шчасьлівы» можна будзе паглядзець у інтэрнэце.
beshankovichy.by
фота: baj.by