19 лістапада генэральны дырэктар «Полацак-Шкловалакна» Андрэй Бунакоў падпісаў загад №832 «Аб забароне выкарыстаньня асабістых мабільных тэлефонаў, пляншэтаў не ў службовых мэтах». Ён спаслаўся у тым ліку на артыкул 132 Працоўнага кодэксу, згодна зь якім работнікі абавязаныя ў працоўны час выконваць толькі свае службовыя абавязкі.
Між тым у Свабодным прафсаюзе Беларускім зьвярнулі ўвагу, што артыкул 53 Працоўнага кодэксу «Абавязкі работнікаў» не дае наўпроставай забароны на карыстаньне тэлефонамі ў працоўны час. Больш таго, ні ў якіх правілах няма забароны на карыстаньне мабільным тэлефонам, апроч Правілаў дарожнага руху і Правілаў для авіяпасажыраў.
Пра тое, як на прадпрыемстве рэалізуецца загад гендырэктара, распавёў старшыня пяршоўкі Свабоднага прафсаюзу работнікаў ААТ «Полацак-Шкловалакно» Віктар Стукаў.
– Калі я цяпер тэлефаную на мабільны таварышам зь сярэдняга зьвяна, яны адказваюць: нам забаронена размаўляць, ператэлефануем увечары. Разам з тым, не сказаць, каб працоўныя дужа хваляваліся. Пакуль ніхто за размовы па мабільніку пакараны ня быў. Загад дырэктара пра забароуе сьвядома піарыўся (пра яго распавядалася ў заводзкай газэце, работнікам давалі паперу для азнаямленьня пад подпіс), каб людзі зьлякаліся. Але ці будуць караць пры выяўленьні парушэньняў – незразумела, у загадзе аб прыцягненьні да адказнасьці нічога не гаворыцца.
Наконт уведзенай забароны ёсьць шмат пытаньняў. Больш за палову работнікаў «Шкловалакна» – жанчыны. У вячэрнюю зьмену яны, натуральна, каб не хвалявацца, тэлефануюць дзецям. Менавіта для гэтых мэтаў некалі ў адным з цэхаў быў усталяваны таксафон (мабільныя тады былі яшчэ не ва ўсіх). Можна зразумець, калі размаўляць па мабільным забараняюць рабочым ля станка, што працуе. Але калі чалавека будуць караць за тое, што калі ён адышоўся пакурыць або ў прыбіральню і патэлефанаваў блізкім, то гэта будзе дурасьцю.
Асабліва адзначу яшчэ такі факт: наш прафсаюз ня ведае ніводнага выпадку, каб размова па мабільным тэлефоне прывяла да траўмы ці іншай праблемы.
praca-by.info