Увесну 2017 году многія актывісты грамадзянскай супольнасьці, журналісты, праваабаронцы сутыкнуліся з затрыманьнямі і арыштамі. Карыстаючыся выпадкам, мы вырашылі даведацца пра ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) Віцебскай вобласьці і зрабіць цыкль матэрыялаў пра ўмовы жыцьця людзей у гэтых установах. У чарговай частцы нашага цыклю пра свой досьвед знаходжаньня ў ІЧУ распавядае Віктар Стукаў.
У адрозьненьне ад іншых нашых герояў старшыня суполкі свабоднага прафсаюзу на прадпрыемстве «Полацак-Шкловалакно» Віктар Стукаў адміністрацыйнаму арышту падвергнуты ня быў. Тым ня менш яму ёсьць што распавесьці пра ІЧУ.
Віктар быў затрыманы прэвэнтыўна напярэдадні Дня Волі. У офісе суполкі свабоднага прафсаюзу быў праведзены ператрус, а на прафсаюзнага лідэра склалі пратакол за нібыта дробнае хуліганства. У чаканьні суду з 22:00 24 сакавіка да 8:00 27 сакавіка спадар Стукаў правёў у ІЧУ Полацку.
Пасьля стандартнай працэдуры надгляду з распрананьнем і перашукам а 22:00 мяне зьмясьцілі ў камэру №1, разьлічаную на шэсьць чалавек. У камэры я апынуўся дзявятым пастаяльцам. Але да другой гадзіны ночы трое чалавек выйшлі з камэры, і нас засталося шасьцёра. Цягам двух з паловай сутак нехта выходзіў, і на яго месца адразу засялялі новага пастаяльца.
У ізалятары часовага ўтрыманьня ў Полацку каля 15 камэраў, разьлічаных на розную колькасьць сядзельцаў. Камэры №1 і №7 для адміністрацыйна затрыманых грамадзян маюць памеры тры на шэсьць мэтраў.
Шэсьць ложкаў разьмешчаныя ў два ярусы ўздоўж далёкай сьцяны з двума невялікімі вокнамі і батарэямі ацяпленьня.
Вокны – з адным шклом, адчыняюцца ўнутар камэры. За вокнамі – краты зь зялезнай дробнай сеткі.
У камэры ёсьць невялікі прымацаваны да сьцяны столік і лаўка на аднаго чалавека. Дзьве старыя тумбачкі.
У кутку, справа ад дзьвярэй, на пастамэнце – вакзальны ўнітаз. Над ім разьмешчаная выгнутая зялезная труба з кранам для спуску вады. Гэтае ж месца выкарыстоўваецца як рукамыйніца. Тамсама бяруць ваду для піцьця. Ад камэры гэты санвузел адгароджаны невялікай цаглянай сьценкай мэтар на мэтар.
У камэры пастаянна гарыць сьвятло і над дзьвярыма разьмешчаная відэакамэра, маецца вэнтыляцыя.
Курыць у камеры не забараняюць. Палілі ўсе, таму акно трымалі пастаянна адчыненым. Чыстай пасьцельнай бялізны мне ніхто не выдаваў – карыстаўся тым, што было ў камэры: старыя зьбітыя матрацы, старыя тонкія коўдры, падушкі і белыя прасьціны, якія хтосьці калісьці заслаў.
У камэры было халаднавата, усе спалі не распранаючыся, накрываліся дадаткова сваімі курткамі.
Харчаваньне перадавалі ў камэру праз акно ў дзьвярох згодна з графікам, які вывешаны на сьцяне камэры. Пад'ём – а 6:00. Пасьля прыбіраньне, ранішнія працэдуры і праверка затрыманых – з 7-й да 8-й гадзіны. Падчас праверкі ўсіх выводзілі з камэры ў калідор, абшуквалі, аглядалі камэру, можна было задаваць пытаньні. Сьняданак – з 8:30 да 9:30, абед – з 12:00 да 14:00, вячэра з раздачай кіпеню – з 20:00 да 21:00, адбой – а 22:00.
Ежа заўсёды была халоднай. У камэры місак не было, таму карысталіся поліэтыленавымі скрынкамі ад прадуктаў харчаваньня. Лыжкі таксама адсутнічалі, выкарыстоўвалі паламаныя рэшткі ад двух аднаразовых лыжачак. Увогуле, умовы там антысанітарныя, у спартанскім стылі.
Па вызваленьні я напісаў скаргу наконт умоваў утрыманьня. Вось што на яе адказаў намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Ігар Скарыновіч [падаецца з захаваньнем правапісу і стылістыкі арыгіналу – рэд.]:
«…Змена пасцельнай бялізны ажыццяўляецца штотыдзень пасля прыняцця душа… Сродкі асабістай гігіены выдаюцца паводле нормаў забяспячэння сродкамі асабістай гігіены асобам, якія змяшчаюцца пад вартай. Санвузел знаходзіцца ў спраўным стане і не можа быць перашкодай для выпраўлення натуральных патрэб.
Грамадзяне, якія змяшчаюцца пад вартай, забяспечваюцца бясплатным харчаваннем, дастатковым для падтрымання здароўя і сіл, па нормах, вызначаных Урадам Рэспублікі Беларусь. Ежа асобам, якія змяшчаюцца пад вартай, выдаецца тры разы ў дзень. Колькасць камплектаў сталовага посуду адпавядае колькасці чалавек зьмешчаных у камеры. Падрыхтоўкай і дастаўкай ежы для змешчаных ў ІЧУ, паводле дамовы ад 30.03.2015 займаецца Полацкае раённае спажывецкае таварыства.
Ежа дастаўляецца ў спецыяльных тэрмасах тры разы на дзень, пасля чаго дзяжурным нарадам раздаецца змешчаным ў ІЧУ асобам…»