Паводле папярэдніх дадзеных, апублікаваных на сайце ЦВК, яўка на выбарах 23 верасьня ў Віцебскай вобласьці склала 80,7%. Агульная яўка па Беларусі – 74,2%.
Згодна з ЦВК, найбольшая яўка на Віцебшчыне была зафіксавана ў Віцебскай сельскай акрузе (88,4%) і Сененскай акрузе №30 (88,3%). Найменьшая ў нашым рэгіёне – у Полацкай гарадзкой №28 (62%).
Падаем папярэдні сьпіс “выбраных”:
- Віцебская-Горкаўская №17 – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Генадзь Грыцкевіч;
- Віцебская-Чкалаўская №18 – настаўнік матэматыкі гімназіі №8 Віцебска Міхаіл Волкаў;
- Віцебская-Чыгуначная №19 – намеснік начальніка Віцебскага аддзяленьня Беларускай чыгункі Сяргей Бохан;
- Віцебская-Кастрычніцкая №20 – дырэктар Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага каледжу Аляксандр Цацоха;
- Віцебская сельская №21 – дырэктар Віцебскай кадэцкай вучэльні Уладзімер Шыцько;
- Докшыцкая №22 – старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка;
- Лепельская №23 – старшыня Лепельскага райвыканкаму Пётар Шыкшнян;
- Полацкая сельская №24 – намесьнік начальніка ўпраўленьня КДБ па Віцебскай вобласьці Васіль Папко;
- Наваполацкая № 25 – спартовец Вадзім Дзевятоўскі;
- Аршанская №26 – старшыня Аршанскага гарсавету Людміла Дабрыніна;
- Аршанская-Дняпроўская №27 – старшыня Аршанскага райвыканкаму Уладзімер Дзедушкін;
- Полацкая гарадзкая №28 – старшыня Полацкага гарсавету Натальля Гуйвік;
- Шаркаўшчынская №29 – старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкаму Мечыслаў Морхат;
- Сененская №30 – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Папкоў.
Аніводны дэмакратычны кандыдат у парлямэнт, паводле ЦВК, не прайшоў. Незалежныя назіральнікі сьцьвярджаюць, што насамрэч яўка па краіне не дацягнула і да 50%.