5 лістапада па ўсім сьвеце праходзілі акцыі салідарнасьці "Станем за журналістыку". Яны ладзяцца з ініцыятывы Міжнароднай Фэдэрацыі Журналістаў (МФЖ) і прысьвечаныя барацьбе журналістаў за іхныя правы, супраць палітычнага і эканамічнага ціску на СМІ, фізычнага гвалту супраць журналістаў і складаных умоваў працы. Незалежныя журналісты зь Віцебску далучыліся да сусьветнай кампанію ў падтрымку свабоднай журналістыкі.
Віцебскія сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) выпускалі з клетак вольных птушак прэсы і фатаграфаваліся на фоне свайго любімага гарадзкога графіці.
Пра тое, што праводзіцца акцыя "Станем за журналістыку", жыхары Віцебску маглі даведацца і ад вядомага распаўсюдніка незалежнай прэсы Барыса Хамайды. Сябры БАЖ падрыхтавалі інфармацыю пра гэтую ініцыятыву Міжнароднай Фэдэрацыі Журналістаў, а таксама пра тое, што для беларускай незалежнай журналістыкі самай надзённай праблемай сталі пакараньні за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ (у Віцебску з гэтай нагоды траім журналістам таксама былі вынесеныя папярэджаньні абласной пракуратуры).

Віцебскія мінакі разглядалі інфармацыйны плякат, прымацаваны побач з выданьнямі, якія распаўсюджвае Барыс Хамайда, а журналісты тым часам сфатаграфаваліся каля зачыненага на рэканcтрукцыю будынку раённага Дому культуры. Да журналістаў далучыліся і віцебскія актывісты – сябры аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацьцяна Севярынец і Алена Шабуня.

Месца для пэрформансу было выбранае невыпадкова: на будынку РДК ёсьць графіці, якое шмат хто ў Віцебску лічыць мастацкім увасабленьнем лёсу сучаснай вольнай прэсы. На сьцяне намаляваныя тры клеткі, а скрозь краты прарываецца і ўрэшце ляціць на волю птушка, зробленая з газэты.

Падобных птушак-арыгамі нарабілі і віцебскія БАЖаўцы, вырашыўшы працягнуць тэму, якую закранулі мастакі-графіцісты. Рэквізытам для пэрформансу сталі і стылізаваныя папяровыя клеткі - як увасабленьне ціску на журналістаў, якіх імкнуцца зрабіць паслухмянымі і паднявольнымі. Журналісты сфатаграфаваліся, "выпускаючы" за папяровыя краты вольных газэтных птушак. А напрыканцы пэрформансу былі ўшчэнт разарваныя і самі клеткі.


Паводле baj.by