Законнасьць дзеяньняў Віцебскай гарадзкой выбарчай камісіі праверыць сьледчы камітэт

Са скаргай на дзеяньні сяброў Віцебскай гарадзкой выбарчай камісіі зьвярнуліся ў Сьледчы камітэт актывісты руху «За свабоду» Хрыстафор Жаляпаў і Аляксей Гаўруцікаў (на фота). Актывісты не былі зарэгістраваныя ў якасьці кандыдатаў ў дэпутаты Віцебскага гарадзкога савету: выбарчая камісія знайшла ў іх подпісы, якія былі прызнаныя несапраўднымі (116 у Жаляпава, 103 – у Гаўруцікава).

Абодва лічаць, што ім адмовілі з палітычных прычын, бо яны зьяўляюцца сябрамі руху «За свабоду» і партыі БНФ, у складзе іх ініцыятыўных групаў знаходзіцца старшыня руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч. У сваёй скарзе ў Сьледчы камітэт палітыкі пазначаюць прычыны, па якіх лічаць адмову ў рэгістрацыі незаконнай. У прыватнасьці тое, што большасьць выбаршчыкаў, якія падпісалі заявы, нібыта яны ня ставілі подпісы, на паўторнай праверцы заявілі: яны зрабілі гэта, таму што іх увялі ў зман.

Жаляпаў і Гаўруцікаў просяць праверыць факты парушэньня заканадаўства сябрамі Віцебскай гарадзкой выбарчай камісіі, за парушэньне заканадаўства і падлог дакумэнтаў прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці старшыню Віцебскай гарадзкой выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў гарадзкога Савету дэпутатаў Валянціну Казакоўскую.

Сьледчы камітэт Беларусі адказаў, што скарга зарэгістраваная і перанакіраваная для разгляду ва Ўпраўленьне ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму.

pyx.by

FaLang translation system by Faboba