На Віцебшчыне больш за 22 тысячы алькаголікаў

 Больш за 22,5 тысяч жыхароў Віцебскай вобласьці маюць дыягназ “алькагольная залежнасьць”. Каля 34 тысяч чалавек знаходзіцца пад назіраньнем  у лячэбна-прафілактычных установах. Гэта – афіцыйныя дадзеныя ўпраўленьня аховы здароўя Віцебскага аблвыканкаму.

Страшна сказаць: сярод “афіцыйных” алькаголікаў паводле дыягназу – 1880 падлеткаў. Толькі за паўгода ад атручаньня алькаголем памерлі сёлета 157 чалавек…

Але, нягледзячы на жахлівую статыстыку, аб’ёмы вытворчасьці і продажу алькагольных напояў расьце ў Беларусі штогод.

Гэтак, аб’ём продажу ўсіх відаў алькагольнай прадукцыі на душу насельніцтва склаў па Беларусі ў 2011 годзе 13,3 літраў на кожнага чалавека. Гэта амаль што ў два разы больш, чым аналагічны паказьнік 1997 года.

За сем месяцаў (студзень – ліпень 2012 года) беларусы выпілі, паводле Белстату, 6 млн. 958 тыс. дал гарэлкі. І гэта на 7,2% больш, чым за такі ж перыяд у мінулым годзе. Піва –  20 млн. 82,2 тыс. дал (больш на 0,8%, чым летась).

Якое гора заліваюць беларусы гарэлкай ды півам?..

FaLang translation system by Faboba