Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
26950238

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Віцебскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу Пятра Іванова

Пётар Іваноў абскарджваў пастанову судзьдзі Першамайскага райсуду Валянціны Кісьмярошкінай, якая пакарала яго штрафам у памеры 4 млн рублёў за нібыта лжэсьведчаньне супраць супрацоўнікаў ДАІ і непадпарадкаваньне міліцыянтам. На думку спадара Іванова, судзьдзя Кісьмярошкіна судзіла яго з грубымі парушэньнямі працэсуальна-выканаўчага кодэксу, і таму прасіў адмяніць яе рашэньне. Аднак судзьдзя віцебскага аблсуду вырашыла пакінуць пастанову суду першай інстанцыі ў сіле.

Цёзка віцебскага праваабаронцы па прозьвішчы, судзьдзя абласнога суду Cьвятлана Іванова, якая займалася справай, не задаволіла амаль ніводнага яго хадайніцтва. У прыватнасьці, не было дазволена весьці аўдыёзапіс судовага паседжаньня. Таксама Пётар Іваноў прасіў судзьдзю адкласьці разбор справы. Бо на 17 траўня прызначанае іншае судовае разьбіральніцтва: у гэты дзень мусіць распачацца разгляд у судзе яго скаргі на пастанову, на падставе якой была ўзбуджаная супраць яго адміністрацыйная справа. Гэтае хадайніцтва таксама было адхіленае.

Зрэшты, адно хадайніцтва ўсё-такі было задаволенае. Пётар Іваноў прасіў далучыць да матэрыялаў справы дыск з аўдыё, якое даказвае, што існуе дзьве розныя пастановы па справе: судзьдзя Кісьмярошкіна ў судзе зачытала зусім іншую пастанову, чымся тая пастанова, якую ён пазьней атрымаў на рукі ў друкаваным выглядзе. Так, у вэрсіі пастановы, агучанай Кісьмярошкінай у залі суду, пра Пятра Іванова гаворыцца, што ён нібыта «раней прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці», а з выпраўленага варыянту пастановы вынікае, што да адміністрацыйнай адказнасьці ён не прыцягваўся.

Судзьдзя Іванова нават абвясьціла перапынак, каб азнаёміцца са зьместам дыску. А пасьля перапынку запыталася, дзе знаходзіцца арыгінал аўдыёзапісу (маўляў, на той копіі, што пададзены ў суд, пазначана, што запіс зроблены нібыта 1 студзеня 1995 году), і ці была папярэджаная судзьдзя Кісьмярошкіна пра аўдыёзапіс. «Гэта ня можа быць доказам», – паведаміла пры канцы судзьдзя Іванова. Вэрдыкт, вынесены ёй: «Пастанова [судзьдзі Кісьмярошкінай] зьяўляецца законнай ды абгрунтаванай і адмене не падлягае».