Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
26984396

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Ізноў у Віцебску “нецэнзурна лаяліся” апазыцыянэры

Затрыманых у Віцебску актывістаў БХД Станіслава Лаўрэнава і Аляксея Кішчука абвінавачваюць у дробным хуліганстве - “нецэнзурнай лаянцы”. Затрыманьне адбылося каля 11 раніцы, але суду над затрыманымі так і не было. Абодвух зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня прынамсі на найбліжэйшую ноч. Ці будзе суд заўтра, хлопцам ня кажуць таксама.

Супрацоўнікі ДАІ спынілі машыну, якой кіраваў Станіслаў Лаўрэнаў, але чамусьці сталі правяраць дакумэнты і ў Аляксея Кішчука. У яго не было пры сабе пашпарту, і хлопца павезьлі ў міліцыю, каб спраўдзіць асобу. Але там адразу склалі пратаколы, нібыта абодва “лаяліся матам”, а Станіслаў Лаўрэнаў нібыта не падпарадкоўваўся патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі.

“Нічога такога не было. Мы ехалі набываць падарунак сябру на дзень народзінаў. Машыну спынілі, сталі правяраць дакумэнты Станіслава, потым мае. Потым на ягонай машыне ён паехаў у пастарунак з супрацоўнікамі міліцыі, а мяне павезьлі асобна. У Першамайскім РАУС нас трымалі больш за тры гадзіны, потым павезьлі ў Першамайскі райсуд, каб судзіць за хуліганства. Але суду не было, нас завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, і ніхто ня кажа, на якой падставе нас тут трымаюць”, - распавёў Аляксей Кішчук.

Тацьцяна Севярынец, каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД, мяркуе, што затрыманьне хлопцаў зьвязанае толькі з тым, што дзейнасьць прыхільнікаў БХД у Віцебску апошнім часам актывізавалася: “16 сьнежня ў горадзе былі вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг і банэр «Свабоду палітвязьням». А за некалькі дзён да таго па Віцебску езьдзіў тралейбус з прымацаваным бел-чырвона-белым сьцягам, і гэтую акцыю таксама зладзілі прыхільнікі стварэньня БХД. Сёньня, 19 сьнежня, угодкі Плошчы, і міліцыянты відавочна апасаюцца, што нехта можа зладзіць яшчэ нейкую палітычную акцыю”.

Праваабарончы цэнтар “Вясна”