Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
26972678

Рэкамэндаваць Надрукаваць

На кандыдата ў дэпутаты Мікалая Петрушэнку завялі крымінальную справу

Крымінальную справу супраць журналіста і грамадзкага актывіста Мікалая Петрушэнкі ўзбудзіў Аршанскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту РБ. Петрушэнку абвінавачваюць ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369. КК).

Паводле пастановы аб узбуджэньні крымінальнай справы, Петрушэнка падрыхтаваў і разьмясьціў у інтэрнэце артыкул “Пэдафіл атрымоўваў прэміі за лепшыя дзіцячыя пляцоўкі”, у якім указаў, што намесьнік старшыні Аршанскага гарвыканкаму Сяргей Жалдзібаеў “зьяўляецца непасрэдным падазроным у “крышаваньні” непрыгляднай дзейнасьці пэдафіла, чым публічна абразіў прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў”.

Артыкул Петрушэнкі зьявіўся на сайце грамадзянскай кампаніі “Наш Дом” 8 жніўня 2012 года ў разьдзеле “Блогі”.

Гэты ж рэсурс паведаміў нядаўна, што Мікалай Петрушэнка прапанаваў следству накіраваць ягоны артыкул для лінгвістычнай экспэртызы адразу ў дзьве грамадзкія арганізацыі – Беларускую асацыяцыю журналістаў і Беларускі саюз журналістаў. Маўляў, “заключэньні гэтых дзьвюх аўтарытэтных арганізацый дазволіць пазьбегнуць суб’ектыўнасьці, усебакова дасьледаваць праблему і зрабіць правільныя высновы сьледсту і, магчыма, суду адносна кваліфікацыі дзеяньняў”.

У хадайніцтве Петрушэнка кажа, што абавязуецца прыслухацца да ацэнак спецыялістаў БАЖ і БСЖ. І ў адпаведнасьці з атрыманым заключэньнем – прызнаць сваю віну альбо патрабаваць спыненьня крымінальнай справы.

Цікава, што пра ўзбуджэньне крымінальнай справы Мікалай Петрушэнка даведаўся  ў дзень рэгістрацыі яго як кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Аршанскай гарадзкой выбарчай акрузе №26. З гэтага і пачалася агітацыйная кампанія кандыдата.

Адзначым, што раней з Петрушэкам пачаў судзіцца іншы чыноўнік – старшыня Талачынскай раённай арганізацыі “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Юры Лычкоўскі. Яго абразіла тое, што журналіст у артыкуле “От пущи до неволи: в тихом болоте черти водятся”, апублікаванай у газэце “Віцебскі Кур’ер”, быццам бы назваў яго браканьерам.

Лычкоўскі патрабуе спагнаць у салідарным парадку з аўтара і рэдакцыі 5 млн. рублёў. Другое паседжаньне па грамадзянскаму іску адбудзецца 27 жніўня ў судзе Талачынскага раёну.

Фота nash-dom.info