Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
26974941

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Алена Каваленка: Справа Мірона будзе жыць!..

Жонка зьняволенага ў Магілёўскай калёніі №19 Сяргея Каваленкі ўжо даўно не атрымлівала лістоў ад свайго мужа, які пасьля 16 сутак праведзеных у ШІЗА, трапіў у медычную частку калёніі. Пра стан ягонага здароўя пакуль нічога невядома.

“Дыялёг” гутарыў з Аленай Каваленка пра жорсткасць турэмнага рэжыму ў дачыненьні да “палітычных”, інфармацыйную ізаляцыю і будучыню справы Мірона.

– Так, Сяргей знаходзіцца ў медчастцы калёніі. Прынамсі яшчэ ў пятніцу ён быў там.  Але чаму ён туды трапіў адразу з ШІЗА, мінуючы атрад, я дакладна ня ведаю. Сёньня спрабавала высьветліць па тэлефоне. Але ў калёніі мне адказалі, што яны не маюць права даваць такія зьвесткі па тэлефоне. Маўляў, трэба зьвяртацца толькі ў пісьмовым выглядзе да начальніка калёніі. І тады цягам трох дзён яны павінны даць адказ. Таму сёньня адаслала туды заказны ліст. У ім запыталася, зь якіх прычын мой муж трапіў у ШІЗА на такі вялікі тэрмін і чаму адтуль быў адразу пераведзены ў медычную частку калёніі і знаходзіцца там ізалявана ад іншых зьняволеных.

Ці сапраўды Сяргей не прызнаў сваёй віны, хаця напісаў прашэньне аб памілаваньні, і ці гэта магло справакаваць той ціск, які на яго аказваюць турэмшчыкі?

­ – Ён напісаў у прашэньні усяго адзін радок: прашу мяне памілаваць. Але вінаватым сябе не прызнаў. Таму ў ШІЗА, я мяркую, на яго і адбываўся моцны ціск, бо ён не прызнаў сваёй віны, як таго хацелася б турэмшчыкам. Але рабіць ён гэтага не будзе ні ў якім разе, бо невінаваты. Да таго ж, магчыма, сваю ролю адыграла вялікая колькасьць журналістаў, якія сустракалі мяне ля магілёўскай калёніі падчас спатканьня ў ліпені, і тое, што ў сеціве зьявіліся фотаздымкі калёніі. Магчыма, кіраўніцтва калёніі атрымала за гэта наганяй і пасьля адыгралася на Сяргею.

Я думаю, што яны перасьледуюць шмат мэтаў, кідаючы мужа ў штрафны ізалятар, нягледзячы на ягоны стан здароўя. Галоўнае для іх – зламаць чалавека, цалкам прынізіць яго, прымусіць яго адмовіцца ад сваіх прынцыпаў. Сяргей гэта ніколі ня зробіць. Для мяне гэта відавочна.

Але ж у Магілёве яму, мусіць, усё ж лягчэй, чым было ў калёніі “Віцьба-3”?

– Калі ўлічваць, што ў “Віцьбе” ён быў наогул у крытычным стане – дык так. Але калі я была на доўгатэрміновым спатканьні ў магілёўскай калёніі, Сяргей мне распавядаў, як у канцы чэрвеня патрапіў першы раз у ШІЗА. Казаў, што там вельмі халодна. Даводзілася па пяць-шэсьць разоў за ноч уставаць і рабіць фізычныя практыкаваньні, каб сагрэцца. Быў выбіты кавалак шклу ў акенцы, і туды зацякала вільгаць.

Гэта нечалавечыя ўмовы! Аж ня верыцца, што XXI стагодзьдзе на дварэ. Такая Беларусь…Сучасная Беларусь. Але сапраўдная Беларусь – яна не такая. І хочацца спадзявацца і верыць у тое што неўзабаве яна будзе зусім іншай. Свабоднай, вольнай, еўрапейскай.   

Ці часта атрымліваеш ад Сяргея лісты?

Не. І гэта мяне вельмі непакоіць. Аж ад 27 ліпеня, як прыехала з сустрэчы, аніводнага ліста ад яго не атрымала. 16 сутак у ШІЗА, куды трапіў ужо 28 ліпеня. Потым – медычная частка. У яго няма магчымасьці пісаць.

Калі адбудзецца наступная сустрэча?

– Ой, вельмі няхутка. Кароткатэрміновае спатканьне адбылося ў сярэдзіне чэрвеня, доўгатэрміновае ­– у канцы ліпеня. Нам даюць тры кароткатэрміновых спатканьні і тры доўгатэрміновых за год. Калі, канешне, крый божа, тых спатканьняў не пазбавяць. Так што наступнае кароткатэрміновае – не раней чым у сярэдзіне кастрычніка. Шмат яшчэ часу, улічваючы што сувязі амаль што няма – лісты ня йдуць, званкоў няма.

Як я ведаю, кожны зьняволены мае права патэлефанаваць тры разы на месяц. Сяргей за ўсе тры месяцы, якія ён знаходзіцца ў магілёўскай калёніі, тэлефанаваў толькі адзін раз. Гэта шмат пра што гаворыць. Вельмі цяжка людзям, асуджаным па палітычных матывах. Нашмат больш цяжка, чым простым “ўгалоўнікам”.

Ці адчуваеш падтрымку грамадзкасьці?  Хапіла сродкаў на тое, каб сабраць у школу дзетак?

– Ну, дзякуючы людзям… Беларусам, беларусам замежжа, палякам, замежнікам, кампаніі Мігальскага “Свабоду для Сяргея Каваленкі!” Усіх не пералічыць. Дзякую ўсім!

Алена, так атрымалася, што наша размова выпала якраз на імяніны Мірона. Для многіх Сяргей Каваленка – увасабленьне гэтага міфічнага героя. Ці будзе жыць ягоная справа? Ці няма апошнім часам адчуваньня, што справа гэтая затухае…

– Канешне, будзе жыць! Нацыянальныя сьцягі і зараз, бывае, лунаюць над Віцебскам. Праўда, ня так часта, як хацелася б.

Я ўпэўнена, што наш сьцяг у хуткім часе стане афіцыйным і пад ім будуць жыць усе вольныя і свабодныя беларусы. І Сяргей – адзін са стваральнікаў, ці, дакладней, складнікаў, гэтага зборнага і легендарнага вобраза беларускага патрыёта. Мы вельмі чакаем яго вызваленьня.