Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
26966611

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый атрымаў ад віцебскай міліцыі ўзнагароду “За садзейнічаньне”

Нагрудны знак “За садзейнічаньне” ўручыў праваслаўнаму іерарху начальнік УУС Віцебскага аблвыканкаму Ігар Яўсееў падчас урачыстасьцяў, прысьвечаных 94-й гадавіне стварэньня віцебскай губернскай міліцыі.

Гэткім чынам архіепіскапа ўганаравалі  “за шчыльнае ўзаемадзеяньне з праваахоўнымі ворганамі…”

Адзначым, што архіепіскап Дзімітрый ужо колькі гадоў узначальвае аддзел Беларускай Царквы па ўзаемадзеяньні зь Міністэрствам унутраных спраў і Дэпартамэнтам выкананьня пакараньняў МУС.

Апроч сьвятара граматы і ўзнагароды атрымалі супрацоўнікі МУС, які вызначыліся па службе.

У сваёй прамове падчас урачыстасьці на плошчы Перамогі ў Віцебску Ігар Яўсееў адзначыў, што абласная міліцыя зараз знаходзіцца на перадавой уборачнай кампаніі. Аказваецца, 11 супрацоўнікаў міліцыі ў гэтыя дні самым непасрэдным чынам бяруць удзел у бязьлітаснай бітве за беларускі ўраджай. Яны селі за стырно камбайнаў і трактароў. Астатнія “задзейнічаны на ахове правапарадку, у прыватнасьці працуюць над тым, каб прадухіліць крадзеж збожжавых і гаруча-змазачных матэрыялаў”.

11 супрацоўнікаў міліцыі ў гэтыя дні самым непасрэдным чынам бяруць удзел у бязьлітаснай бітве за беларускі ўраджай

Аблягчае работу міліцыі забарона на продаж пладова-ягадных він падчас жніва, падкрэсьліў Яўсееў.

Дапамогу аказвае і аблвыканкам. Гэтак, Ігар Яўсееў прызнаюся, што па распараджэньні Аляксандра Косінца міліцыі выдзелілі 1 млрд. 350 млн. рублёў на закупку 11 аўтамабіляў.

Віцебскае губернскае ўпраўленьне міліцыі было створана 15 жніўня 1918 года і было выканаўчым органам рабоча-сялянскай улады. Знаходзілася ў непасрэдным распараджэньні Саветаў і падпарадкоўвалася кіраўніцтву Наркамата ўнутраных спраў. Першапачаткова разьмяшчалася ў будынку былога губернатарскага палацу (на цяперашняй вул. Савецкай) і займала ўсяго некалькі кабінетаў.