54-гадовы мужчына, узброены шылам, спрабаваў абрабаваць ААТ «Віцебскі холадакамбінат». Мужчына хацеў забраць замест заробку прыстаўку камэраў відэаназіраньня, манітор і калькулятар.
«Пад пагрозай мэталёвага шыла з мэтай вяртаньня запазычанасьці за заробак ён спрабаваў завалодаць маёмасьцю прадпрыемства – маніторам, прыстаўкай камэраў відэаназіраньня, калькулятарам, а таксама двума мабільнымі тэлефонамі, якія належаць работнікам прадпрыемства», – паведамляе прэс-служба Дэпартамэнту аховы.
Паведамляецца, што раней мужчына працаваў на ПВГУП «Навабуд С». Ён быў затрыманы нарадам Кастрычніцкага аддзелу аховы, які прыбыў на спрацоўваньне трывожнай сыгналізацыі. Распачатая крымінальная справа паводле часткі 1 артыкулу 207 КК РБ.